Без намёкаў. Як “хавалі” старога дыктатара, але ён не паміраў

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Еўрарадыё
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Еўрарадыё

Незалежныя СМІ на радасць народу неаднаразова паведамлялі пра магчымую смерць дыктатара, але ён усё ніяк не хацеў сыходзіць.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як чуткі пра “пахаванне” Роберта Мугабэ сталі неад'емнай часткай апошніх гадоў яго дыктатуры.  

Роберт Мугабэ кіраваў Зімбабвэ 37 гадоў: 7 гадоў у якасці прэм'ер-міністра і 30 гадоў на пасадзе прэзідэнта. Стан яго здароўя апошнія дзесяцігоддзі жыцця быў самай гарачай тэмай для абмеркавання ў краіне. Мясцовыя газеты выказвалі розныя версіі хвароб Мугабэ, у прыватнасці, што ён пакутаваў на рак прастаты і ўвесь час знаходзіўся ў анкалагічнай клініцы ў Сінгапуры.

У матэрыялах "WikiLeaks" згадвалася, што ў 2007 годзе ў Мугабэ быў выяўлены рак гартані. Пра тое, што ў 2008 годзе ў яго дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, стала вядома з дыпламатычных дакументаў, апублікаваных там жа на WikiLeaks. У 2009 годзе паведамлялася, што Мугабэ праходзіў лячэнне ў Сінгапуры. Аднак афіцыйнага пацверджання інфармацыі аб хваробах Мугабэ прэса ніколі не атрымлівала.

Без намёкаў. Як “хавалі” старога дыктатара, але ён не паміраў
Роберт Мугабэ / The Table

25 лютага 2012 года тысячы жыхароў краіны прынялі ўдзел у афіцыйным святкаванні 88-годдзя Роберта Мугабэ, якое адбылося на футбольным стадыёне ў горадзе Мутарэ. Мерапрыемствы ўключалі конкурс прыгажосці і футбольны матч. Раней ён абвергнуў паведамленні аб тым, што яго здароўе пахіснулася, у прыватнасці, сказаўшы ў тэлевізійным інтэрв'ю, што знаходзіцца ў цудоўнай форме. 

Напярэдадні ў чарговы раз прайшлі чуткі пра тое, што Мугабэ некалькі разоў ездзіў у Сінгапур, дзе, як сцвярджалася, рэгулярна праходзіў курс лячэння ад анкалагічнага захворвання. Аднак Мугабэ і яго бліжэйшыя паплечнікі ўжо некалькі разоў заяўлялі, што ён наведваў Сінгапур не па медыцынскіх паказаннях, а дзеля развіцця двухбаковых сувязяў.

20 студзеня 2014 года Роберт Мугабэ ўпершыню за некалькі тыдняў з'явіўся на публіцы, абвергнуўшы такім чынам чуткі аб сур'ёзным пагаршэнні яго здароўя і нават смерці. 89-гадовы Мугабэ наведаў пахаванне сваёй сястры Брыджэт, якая памерла на 79-м годзе жыцця.

Без намёкаў. Як “хавалі” старога дыктатара, але ён не паміраў
Пратэсты супраць Мугабэ ў Харарэ / Reuters

У чэрвені 2017 году Роберт Мугабэ ва ўзросце 93-х гадоў на мясцовым “ябацінгу” заявіў, што не памірае і не збіраецца пакідаць сваю пасаду. І пахваліўся, што лекары здзіўленыя яго “моцным шкілетам”.

Аднак ужо ў лістападзе ў выніку дзяржаўнага перавароту яго адхіляюць ад улады. Мугабэ не паўтарае лёс іншых дыктатараў, якія страціўшы ўладу ці паміраюць, ці трапляюць пад суд. З ім заключаюць дамову: выплачваюць 5 мільёнаў долараў і апроч гэтага прызначаюць пенсію ў памеры 150 тысяч.

Паводле заявы новага прэзідэнта Эмерсана Мнангагвы, у лістападзе 2018-га Мугабэ ўжо не мог хадзіць і на працягу двух месяцаў праходзіў лячэнне ў Сінгапуры. У красавіку 2019 года Мугабэ чарговы раз быў шпіталізаваны ў Сінгапуры.

Мугабэ памёр 6 верасня 2019 года ва ўзросце 95 гадоў. Хоць прычына смерці не была абвешчаная афіцыйна, прэзідэнт Мнангагва абвясціў, што папярэднік паміраў ад раку і хіміятэрапія страціла сваю эфектыўнасць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі