Без намёкаў. Як нябожчыка дасталі з труны для судовага працэсу

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Смерць — часам не нагода пазбегнуць суду. Каб вынесці прысуд, абвінаваўцы могуць дастаць і з труны. Літаральна.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як у ІХ стагоддзі на лаве падсудных апынуўся нябожчык — Папа Рымскі Фармоз.     

Папскія разборкі 

У перыяд з 872 па 965 месца Папы Рымскага займалі 24 чалавекі. Кожны з іх, у барацьбе за ўладу, спрабаваў ачарніць папярэдніка і адмяняў яго ўказы. У той жа час на палітычнай арэне кіпелі страсці. Багатыя дынастыі не маглі падзяліць уладу, кожная з іх спрабавала заручыцца падтрымкай Ватыкана, “прасоўваючы” свае кандыдатуры на папскую пасаду.

У 891 годзе месца Папы заняў Фармоз. Пяць гадоў ён дзейнічаў па ўказанні пастаўленага ім імператара Ламберта Спаляцкага. Фармоз быў яскравай фігурай сярэднявечнага папства і ўнёс важныя змены ў царкоўную адміністрацыю.

Пасля смерці Фармоза ў 896-м яго пераемнікам стаў папа Стэфан VI. Аднак апошні адчуваў непрыязнасць да свайго папярэдніка і вырашыў правесці незвычайны суд над яго целам. Такім чынам, Фармоз быў першым і адзіным Папам, якога судзілі пасля яго смерці.

Новы Папа быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб прызнаць некаторыя пастановы Фармоза несапраўднымі. Справа была ў тым, што ў той час біскупы не маглі здзяйсняць пераход з кафедры на кафедру, гэта значыць калі біскуп быў прызначаны такім у Рыме, то, напрыклад, у Порта біскупам ён быць не мог. А Фармоз у свой час здзейсніў якраз такі пераход з Порта ў Рым.

Стэфан сам здзейсніў пераход з Ананні ў Рым, то бок яго легітымнасць на папскім прастоле была пад пытаннем. А прызначыў Стэфана VI біскупам менавіта Папа Фармоз. Калі б ягонае рашэнне прызналі несапраўдным, то новы Папа выйшаў бы сухім з вады.

Трупны сінод 

Страшны царкоўны трыбунал, які ўвайшоў у гісторыю як “Трупны сінод”, адбыўся ў Латэранскай базіліцы. Туды прыбыў сам імператар Ламберт разам са сваім стрыечным братам.

Па некаторых дадзеных, менавіта імператар загадаў правесці суд над нябожчыкам. Папа Стэфан VI загадаў эксгумаваць труп Фармоза, прыбраць яго ў папскае адзенне і пасадзіць на трон. Пасля мёртваму Папу Рымскаму зачыталі абвінавачанні: парушэнне ўстаноўленай забароны аб пераходзе, вераломства, правядзенне ім рэлігійных абрадаў і іншае.

Без намёкаў. Як нябожчыка дасталі з труны для судовага працэсу
Трупны сінод на карціне Жана-Поля Ларана, 1870

За Папу Фармоза адказваў схаваны за тронам святар, які спрабаваў адказваць на пытанні голасам памерлага. Быў у трупа і свой адвакат, які бяздзейнічаў падчас суда. Фармальна ўсе правілы судаводства былі выкананыя: прысуд зачытаны ў прысутнасці абвінавачанага і яму далі абаронцу.

У выніку Фармоза прызналі вінаватым, але здзек над нябожчыкам на гэтым не скончыўся. З мёртвага Папы Рымскага знялі яго ўбор і пераапранулі ў простае адзенне. Пасля яму адсеклі тры пальцы на правай руцэ, якімі ён здзяйсняў блаславенне.

Труп Фармоза выцягнулі з Латэранскай базілікі і, звязаўшы яму рукі і ногі, працягнулі па вуліцах горада. Тое, што засталося ад былога Папы, без усякіх ушанаванняў пахавалі ў агульнай магіле. Праўда, пазней нейкія злодзеі адкапалі труну ў надзеі пажывіцца.

Зразумела, злодзеі нічога не знайшлі: пры былым Папе не пакінулі ніякіх каштоўнасцяў. Апаганьвальнікі выкінулі труп Фармоза ў Тыбр, адкуль яго вылавіў нейкі манах і пахаваў. Вядома ж, такая жудасная падзея, як Трупны сінод не магла не выклікаць грамадскага рэзанансу ў рымскім грамадстве.

Крытыка суда над мерцвяком

Яшчэ падчас судовага паседжання ў Рыме адбыўся невялікі землятрус. Будынак базілікі выстаяў, але ўсё ж такі зазнаў некаторыя разбурэнні. Набожныя рымляне палічылі, што гэта знак зверху, і прыняліся асуджаць рашэнні Стэфана VI.

Да таго ж, сярод народа пайшлі чуткі, што цела Папы Фармоза, вылаўленае з ракі, здзяйсняе цуды і вылечвае людзей. Сярод рымлян пачаліся моцныя хваляванні, якія выліліся ў тое, што Папу Стэфана VI змясцілі ў вязніцу, дзе ён быў задушаны. А базіліка, дзе адбыўся суд, разбурылася канчаткова, аднак пазней яе аднавілі.

Папа Тэадор II, які змяніў Стэфана, усе яго рашэнні адмяніў, а цела Папы Фармоза загадаў перапахаваць з усімі ўшанаваннямі. Наступны Папа Рымскі Ян IX забараніў праводзіць суды над нябожчыкамі і фармальна асудзіў Трупны сінод, загадаўшы спаліць усе дакументы аб ім. Але на Фармоза не забыліся. Пасля смерці Яна IX на пасаду Папы вылучылі Сергія, які прымаў удзел у Трупным сінодзе. Ён загадаў лічыць пераемнікаў Стэфана VI антыпапамі.

Суд над Фармозам стаў сімвалам злоўжывання судовай уладай і палітычнай маніпуляцыі. Ён выклікае абурэнне ў гістарычных крыніцах, а таксама з'яўляецца яскравым прыкладам таго, як уладу можна выкарыстаць у асабістых мэтах і ў барацьбе за ўладу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі