Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску

Служыў у войску, дзе касячыў. Уцёк са сваёй роднай краіны, бо там “несапраўдная дэмакратыя”. Аказаўся ў Мінску. Не, гэта не чарговы тэкст пра Эміля Чэчку

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” пераказвае прыгоды самага вядомага ў Мінску іншаземца — Лі Харві Освальда. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Служба ў войску (не без “касякоў”) 

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску

У кастрычніку 1956 года 17-гадовы Лі Харві Освальд паступіў на службу ў Корпус марской пяхоты ЗША. Служба гэтая не абышлася без “касякоў”: ён тройчы пападаў пад трыбунал. 

Першы раз за тое, што прастрэліў сабе локаць з пісталета. Другі раз — праз бойку з сяржантам, пасля чаго ён быў паніжаны ў званні з радавога першага класа да радавога. Трэці раз — праз тое, што ў часе начной варты на Філіпінах ён чамусці стрэліў з вінтоўкі ў джунглі.

Менавіта ў войску ён пачынае вывучаць рускую мову, нават здае іспыт на валоданне ёй — але яго ацэньваюць як слабое. 

У верасні 1959 года Освальд звальняецца ў запас.

Фанат “усяго савецкага”

У тым жа месяцы 20-гадовы амерыканец пачынае сваё падарожжа ў Савецкі Саюз. Робіць ён гэта пад выглядам жадання навучацца ў Еўропе. Па студэнцкай візе Освальд спачатку адплыў на караблі ў Вялікабрытанію, а адтуль самалётам пераправіўся ў Фінляндыю, дзе 14 кастрычніка атрымаў ужо савецкую візу. На наступны дзень ён цягніком едзе ў Маскву.

На першай жа гутарцы ў савецкіх “органах” Освальд называе сабе перакананым марксістам і фанатам усяго савецкага. Амерыканец заўляе пра намер атрымаць пашпарт СССР. Нават савецкія чыноўнікі ўцёкі з “загнілага Захаду” дзеля жыцця ў “квітнеючай краіне Ільіча” не ацанілі. 

Освальда ўспрынялі ці то як вар’ята, ці то як шпіёна. 21 кастрычніка 1959 года яму адмаўляюць у атрыманні савецкага грамадзянства і патрабуюць пакінуць тэрыторыю Савецкага Саюза да 22:00. 

За гадзіну да сканчэння тэрміну ў гатэльным нумары амерыканец рэжа сабе вены. Пасля гэтага ён ненадоўга трапляе ў псіхбальніцу. Відаць, каб пазбегнуць міжнароднага скандалу, Освальду дазваляюць застацца.

Мінск. “Гэта ў Сібіры?”

Пасля выпіскі Освальд едзе ў амбасаду ЗША, дзе заўляе, што жадае адмовіцца ад амерыканскага грамадзянства. Пра ўцёкі марскога пехацінца ЗША ў Савецкі Саюз паведамляе на першай паласе Associated Press. Але савецкая прапаганда гэтую гісторыю раскручваць не стала.

На пачатку студзеня 1960 года Освальду выдаюць дакумент для асобаў без грамадзянства. Супрацоўнік АВІРа паведамляе, што месцам жыхарства вызначаны Мінск. Пра беларускую сталіцу Освальд тады чуе ўпершыню. У сваім дзённіку амерыканец запісвае: “Я пытаюся: гэта ў Сібіры? Ён смяецца”.

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску
"Сібірскі" Мінск пачатку 1960-х гадоў

Накіраванне Освальда з Масквы ў Мінск ускосна дае зразумець, што асаблівай цікавасці для савецкіх уладаў былы марскі пехацінец ЗША не ўяўляў. 

Вось што расказвае амерыканскі пісьменнік Джэральд Познэр, які напісаў кнігу “Справа закрыта: Лі Харві Освальд і замах на Джона Кенэдзі”:

— Працуючы над кнігай, я меў зносіны з Юрыем Насенкам (перабежчык з КДБ). Я спытаў у яго: “Хіба СССР не цікавіла тое, што Освальд служыў на базе ЗША ў Японіі?” Ён адказаў, што ў Масквы было значна больш інфармацыі пра тую базу, чым мог даць Освальд.

Але і ў сталіцы СССР падазронага замежніка пакінуць не маглі — раптам усё-ткі шпіён?

Не жыццё — а казка!

Чалавеку без адукацыі з дрэнным валоданнем рускай мовай і вайсковым бэкграўндам месца ў савецкім грамадстве знайшлося: ён стаў слесарам на Мінскім радыёзаводзе імя Леніна. Ён атрымліваў павялічаны аклад — у пяць разоў большы, чым звычайныя рабочыя на прадпрыемстве. Тамсама ён пазнаёміцца з інжынерам Станіславам Шушкевічам. Будучы кіраўнік Вярхоўнага Савета БССР будзе дапамагаць амерыканцу ў вывучэнні рускай мовы.

Вось якімі ўражаннямі ад працы дзеліцца Освальд у сваім дзённіку:

— Працую як рабочы па метале, заробак 700 рублёў у месяц, праца лёгкая, хутка вучу рускую мову. Усе ставяцца па-сяброўску і па-добраму... Жыву на шырокую нагу і вельмі задаволены. Пятага чысла кожнага месяца буду атрымліваць чэк ад Чырвонага Крыжа на 700 рублёў як “дапамогу”. Так што за месяц будзе выходзіць 1400 рублёў. Амаль як у дырэктара завода! Што не падабаецца: партрэт Леніна, які глядзіць на цябе з ганаровага месца, і абавязковая для ўсіх фіззарадка з 11:00 да 11:10 кожную раніцу.

Амерыканцу таксама далі і шыкоўную кватэру ў "сталінцы" на вуліцы Калініна.

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску
Від на дом, дзе жыў Освальд

КДБ увесь час сачыў за Освальдам: нават у сцяне кватэры прасвідравалі маленькую адтуліну для назірання.

Казка скончылася

Освальду спатрэбіўся амаль год, каб змяніць сваё стаўленне да жыцця ў Мінску. У студзені 1961 года ён піша ў сваім дзённіку, што яму сумна:

— Я пачынаю пераглядаць сваё жаданне застацца. Праца шэрая, грошы няма дзе траціць, няма начных клубаў і боўлінга, няма месцаў адпачынку, акрамя прафсаюзных танцаў. З мяне дастаткова.

Пасля гэтага Освальд напісаў у амбасаду ЗША ў Маскве запыт на вяртанне яго амерыканскага пашпарта.

У сакавіку 1961 года Освальд пазнаёміўся з 19-гадовай студэнткай Марынай Прусаковай, і менш чым праз шэсць тыдняў яны пажаніліся. У лютым 1962 года ў іх нарадзілася дачка Джун.

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску
Прусакова і Освальд

З’яўленне сям’і не адбілася на жаданні амерыканца вярнуцца ў ЗША. Тым больш што яго ўцёкі ў СССР не мелі юрыдычных наступстваў на радзіме — крымінальную справу не распачыналі.

У траўні Освальд і Прусакова атрымліваюць дакументы, якія дазваляюць ёй эміграваць у ЗША: пасля чаго яны разам з маленькай дачкой пакінулі Савецкі Саюз.

Сусветна вядомы Освальд

22 лістапада ў Даласе застрэлены Джон Кенэдзі. За падазрэнне ў забойстве амерыканскага прэзідэнта затрымалі былога слесара Мінскага радыёзавода імя Леніна. Праз два дні пры пераводзе з паліцэйскага ўпраўлення ў акруговую турму яго застрэліць “неабыякавы грамадзянін”.

Без намёкаў. Як салдат Освальд збег з "загнілага Захаду" і жыў у Мінску
Смяротны стрэл у Освальда адбыўся ў жывым эфіры на вачах у мільёнаў тэлегледачоў

Камісія Уорэна пасля свайго расследавання пасмяротна прызнае Освальда забойцам Кенэдзі: ён “дзейнічаў адзін і без чыёй-небудзь рады або дапамогі”. Тым не менш існуе мноства канспіралагічных тэорый, якія не пагаджаюцца з афіцыйнай версіяй. Але гэта зусім іншая гісторыя.

Пры напісанні гэтага тэксту выкарыстоўваліся матэрыялы з вольных крыніцаў і з кніжкі Аляксандра Лукашука “След матылька. Освальд у Мінску”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі