Без намёкаў. Як сербскія войскі абстралялі рынак у Сараеве
“Гэта не мы, гэта яны самі сябе абстралялі, каб выклікаць спачуванне і атрымаць дапамогу Захаду”.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае абстрэл рынку Маркале ў Сараеве ў часе вайны ў Босніі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі — выпадковыя.
14 снежня 1995 года ў Парыжы былі падпісаны Дэйтанскія пагадненні. Яны афіцыйна завяршылі самы крывавы міжэтнічны канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай — трохгадовую баснійскую вайну, у якой загінула каля 100 тысяч чалавек.
Пра яе прычыны і наступствы мы ўжо падрабязна расказвалі ў адным з папярэдніх выпускаў “Без намёкаў”. Сёння ж раскажам пра фінальны, але не менш жахлівы эпізод гэтай вайны.
5 лютага 1994 года ў выніку абстрэлу Сараева загінулі 68 чалавек. Яны стаялі ў чарзе па прадукты, дэфіцытныя ва ўмовах аблогі. Сербскія вайскоўцы, якія аблажылі горад, сцвярджалі, што баснійцы абстралялі сябе самі.
Пракуроры Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі ўстанавілі, што па рынку Маркале быў выпушчаны 120-міліметровы снарад з пазіцый, якія займала войска Рэспублікі Сербскай. Аднак Слабадан Мілошавіч, Радаван Караджыч і іншыя сербскія лідары і сербскія СМІ сцвярджалі, што мінамётны ўдар па рынку Маркале ў Сараеве — справа рук саміх баснійцаў. Прычым спасылаліся яны на адзінага сербскага эксперта па балістыцы, які пацвярджаў іхнія словы.
Напрыклад, у перадачы, якая выйшла ў эфіры дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Сербскай у 2005 годзе, сцвярджалася, што снарад не мог быць выпушчаны з сербскіх пазіцый. Больш за тое, у выніку самога абстрэлу нібыта загінулі толькі некалькі чалавек, а целы астатніх ахвяр прывезлі на месца выбуху загадзя, каб узмацніць прапагандысцкі эфект. Таксама, як сцвярджала перадача, спецыяльна для таго, каб задакументаваць гэтую нібыта падрыхтаваную правакацыю, на яе месца загадзя прыбылі чатыры здымачныя групы.
Другі абстрэл рынку адбыўся прыкладна праз 18 месяцаў — 25 жніўня 1995 года. У часе гэтага нападу было выпушчана пяць снарадаў, але страты былі меншыя: 43 забітыя і 75 параненых. Улады Рэспублікі Сербскай, як і ў выпадку з інцыдэнтам 1994 года, адмаўлялі ўсю адказнасць. Яны зноў абвінавацілі баснійскі ўрад у бамбардзіроўках уласнага народа з мэтай уцягвання замежных войскаў.
У Сербіі і Рэспубліцы Сербскай гэтыя канспіралагічныя версіі падзей у Маркале былі і да гэтага часу застаюцца вельмі папулярнымі. У адрозненне ад сусветнай грамадскасці.
Адказнасць за чарговае масавае забойства НАТА ўсклала на сербскія войскі. Пасля гэтага войскі кааліцыі пачалі інтэнсіўна бамбіць пазіцыі баснійскіх сербаў. У выніку тыя пагадзіліся на перамовы.
Паводле Дэйтанскага міру, Боснія і Герцагавіна стала канфедэрацыяй, якая складаецца з дзвюх частак: Рэспублікі Сербскай і Федэрацыі Босніі і Герцагавіны. Вярхоўную ўладу ў краіне ажыццяўляе прэзідыум, у які ўваходзіць па адным прадстаўніку ад кожнай суполкі.
Баснійскія сербы першапачаткова адмовіліся падтрымаць пагадненне, якое палічылі несправядлівым, і ўручылі мандат прэзідэнту Сербіі Мілошавічу, які падпісаў дамову. Праз 11 гадоў ён памёр у Гаазе ў статусе абвінавачванага ў ваенных злачынствах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.