“Без Расіі жыць можна”. Аповеды беларусаў, якія байкатуюць расійскія тавары
Купляйце беларускае! / holiday.by
“Без Расіі жыць можна”, — кажа слухачка Еўрарадыё, якая ўжо даўно не набывае тавары расійскай вытворчасці ў беларускіх крамах. Паразмаўляўшы з іншымі беларусамі, мы высветлілі, што гэтак жа некаторыя нашыя грамадзяне жывуць ужо амаль дзесяць гадоў, пачынаючы ад акупацыі Крыма. А пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай людзей, якія, перш чым набыць нешта ў краме, глядзяць на краіну вытворчасці, стала яшчэ больш.
Некаторыя нашы суразмоўцы кажуць, што час ад часу бачаць, як пакупнікі ля кас выкладаюць нейкія прадукты, бо ў апошні момант заўважаюць, што тыя зробленыя ў Расіі. Прычына такіх паводзін — у нежаданні падтрымліваць грашыма краіну-агрэсара.
Пра тое, як змянілася жыццё беларусаў пасля рашэння не набываць расійскія тавары, а таксама пра тое, ад чаго адмовіцца немагчыма, чытаем у аповедах нашых слухачоў.
Толькі кніжкі ды туалетная папера
Святлана адмовілася ад расійскіх тавараў пасля пачатку вайны з Украінай.
Што тут казаць? Адмовілася і ўсё! Але нядаўна жанчына трапіла ў казусную сітуацыю.
— Бадзялася па экскурсіях, і заперліся мы аж у Сталовічы. Зайшлі ў мясцовы “Родны кут” па марозіва. Я набыла нейкае, выйшла на вуліцу ды адкусіла. Думаю, што за мярзота?! Пачала чытаць абгортку — расійскае. Выплюнула ды да сметніцы занесла. Што праўда, вярнулася ў краму, бо хацела набыць іншае — наша, дык не было. Усе дзесяць гатункаў — з Расіі!
Карацей, з іх тавараў набываю, можа, толькі туалетную паперу, бо не заўсёды добрая наша есць. Ну і, каб не хлусіць, у якасці выключэння, набывала неяк кніжкі Сашы Філіпенкі і Нарыне Абгаран, бо не знайшла мясцовых выданняў.
Адмовіцца цалкам не атрымліваецца
Алена кажа, што правярае краіну вытворчасці тавараў, пачынаючы з 2014 года, бо менавіта тады Расія напала на Украіну, а ў 2022-м маштаб агрэсіі толькі павялічыўся.
— Тавары з краіны-агрэсара не набываю, акрамя выпадкаў, калі агулам няма альтэрнатывы (часам гэта здараецца з пазіцыямі харчовых тавараў). На жаль, цалкам адмовіцца ад маскоўскіх тавараў не атрымліваецца праз эканамічную палітыку сённяшніх уладаў.
Напрыклад, калі рабіць высновы з тых крамаў, дзе я бываю, не атрымліваецца адмовіцца ад алею і грэчкі.
Кожнага разу, калі даводзіцца набываць гэтыя прадукты, адчуваю сябе неяк прыгнечана. Тым не менш, асабісты байкот не спыняю.
Лепш набыць даражэйшае, а не расійскае
Са слоў Змітра, цалкам адмовіцца ад расійскіх тавараў сапраўды немагчыма, тым не менш, мужчына заўсёды глядзіць на краіну вытворчасці. Кажа, што іншым разам лепш набудзе нешта даражэйшае, але не расійскае. А ўвогуле беларускае мяса, сыры ды іншая малочка смачнейшыя ў параўнанні з расійскай прадукцыяй. Прынамсі, так лічыць сам Зміцер.
— З расійскіх тавараў часам купляю нейкія снэкі, але агулам ру-прадукцыя ў маім спажывецкім кошыку займае толькі 5-10% ад усяго, што набываю ў краме. Некаторыя знаёмыя скардзяцца, што даводзіцца набываць расійскі алей, але я ці лепш увогуле адмоўлюся ад смажанага, ці набуду аліўкавы. Так, ён даражэйшы: у мінулую пятніцу 0,5 літра набываў недзе за 20 рублёў. З іншага боку, у маёй сям'і ўсе пачалі здаравей харчавацца і зрабіліся больш эканомнымі.
“Хапае ўсяго беларускага”
Ігар, як і шмат хто з іншых беларусаў, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, глядзіць на паходжанне тавару ад пачатку вайны. Расійскае не купляе прынцыпова, хоць не заўсёды ёсць беларуская альтэрнатыва. У прыклад суразмоўца прыводзіць газ і бензін.
— Што тычыцца прадуктаў, то мне хапае ўсяго беларускага. Ні ад чаго не адмаўляўся. Што еў, тое працягваю есці.
Так, камусьці даводзіцца набываць расійскі алей, з нехарчовага — нешта з бытавой хіміі. Тым не менш, жыць можна без расійскіх тавараў. Адзенне ў нас турэцкае або кітайскае ў крамах ёсць, абутак — таксама. Электраінструмент прадаецца пад расійскімі маркамі, але ён цалкам вырабляецца ў Кітаі.
Адмова ад расійскіх тавараў ударыла па гаманцы
Слухач Арцём расказвае, што калі яго сям’я адмовілася ад расійскіх тавараў, гэта адразу ўдарыла па гаманцы. Напрыклад, расійскі рыс таннейшы за іранскі на Камароўцы ўтрая. Каву ды гарбату ў Беларусь таксама прывозяць з Расіі. Ёсць і з іншых краін, але кошты вышэйшыя ў 2-3 разы.
Тым не менш, сям’я Арцёма байкатуе расійскую вытворчасць як можа.
— Кавуны я бачыў толькі расійскія, таму лета прайшло без кавуноў. Макарона беларуская не робіцца з цвёрдай пшаніцы, з цвёрдых гатункаў — расійская. Каштуе яна крыху больш за беларускую. Але мы спажываем наша, страчваючы ў якасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.