Біскуп Касабуцкі пратэстуе супраць дзеянняў сілавікоў каля Чырвонага касцёла
Супраць сённяшніх дзеянняў сілавікоў на тэрыторыі Чырвонага касцёла ў Мінску выказаўся генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён заявіў рашучы пратэст супраць таго, што яны заблакавалі ўваход і выхад у касцёле святых Сымона і Алены.
"Іерарарх папярэджвае дзяржаўныя ўлады Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва сілавых структур, што падобныя дзеянні з’яўляюцца недапушчальнымі і незаконнымі. Касцёл з’яўляецца святыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя", — піша сайт catholic.by.
Па словах біскупа блакаванне дзвярэй у касцёл супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй праву грамадзянаў на свабоду сумлення і веравызнання, абражае пачуцці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых.
Пратэст біскупа Юрыя Касабуцкага падтрымаў біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерархі выказалі надзею, што такія дзеянні сілавікоў на тэрыторыі святыняў больш ніколі не паўтарацца.
Як распавядала Еўрарадыё, увечары 26 жніўня амапаўцы разагналі акцыю пратэсту на плошчы Незалежнасці. Пры гэтым каля сотні чалавек апынуліся блакаванымі ў касцёле. У іх ліку была і журналісцкая група Еўрарадыё, якая вяла стрым з месца падзеяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.