Бізнес Мінадукацыі на дзецях? Бацькі абураныя платнымі школьнымі “алімпіядамі”
Пра нетыповую сітуацыю, звязаную са школьнымі алімпіядамі, распавёў Дзмітрый Івановіч, бацька чацверакласніцы. Яго дачку выбралі для ўдзелу ад яе класа, і дзяўчынка прайшла ў другі тур. Але перад гарадскім этапам змагання выявілася, што для ўдзелу трэба… заплаціць!
“У школе сказалі, што праводзіцца нібыта алімпіяда, ад кожнага класа высунулі па адным вучні, — распавядае мужчына. — Суправаджала дзіця на гэтым “турніры юных матэматыкаў” непасрэдна настаўніца. Дэклараваўся гэты турнір амаль як алімпіяда для малодшых школьнікаў. Па выніках турніра дачка заняла другое месца, а на наступнай частцы мы даведаліся, што трэба заплаціць 16 рублёў”.
Мужчына абураецца, як такое магчыма, і кажа, што гэта больш падобна на бізнес Мінадукацыі на дзецях. Такое спаборніцтва не з’яўляецца дзяржаўнай алімпіядай, якія праводзяцца толькі з 8-га класа, патлумачылі профільныя чыноўнікі. Аднак, па іх словах, хоць гэта і не алімпіяда, дзеці з добрымі вынікамі “трапляюць у адмысловыя спісы, каб далей на іх звярнулі ўвагу”.
Пазней Івановіч выклаў здымак, дзе ў палажэнні аб правядзенні турніра пазначана, што гэта раённы этап алімпіяды “Юный математик”.
Але што гэта ўсё-такі за конкурс? Алімпіяда ці прыватны турнір? Фармальна такое спаборніцтва не з’яўляецца алімпіядай і ўдзельнічаць у ім можа кожны ахвочы школьнік. Распрацоўкай займаецца дзяржаўны “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі”. Але чаму і дзеці, і бацькі лічаць, што гэта больш падобна на алімпіяду?
“Гэта такі сабе бізнес на дзецях атрымліваецца. Чаму дзяржаўны інстытут бярэ грошы за тое, каб дзеці ўдзельнічалі ў турніры? Чаму прыходзяць нейкія лісты ў школы, і кіраўніцтва выбірае дзяцей і рыхтуе іх? Вы можаце ўвогуле ўявіць, каб нейкае, напрыклад, прыватнае прадпрыемства пачало такое дасылаць?” — кажа Дзмітрый Івановіч.
У прыёмным пакоі кіраўніцтва МДІРА вельмі здзівіліся таму факту, што некаторыя бацькі раз’юшаныя платнымі турнірамі:
“Мы нават не ведалі, што такое можа адбывацца. Чым незадаволеныя бацькі? Такія турніры ў нас пачынаюцца з дзіцячага садка, прычым удзельнічаць можа кожны. Гэта ж не агульнадзяржаўная афіцыйная алімпіяда па нейкім прадмеце. Мы самі ўсё распрацоўваем.
Чаму так успрымаецца наш турнір? Гэта няправільная праца школьных супрацоўнікаў, завучаў ды настаўнікаў. Адкуль жа мы ведаем, што яны кажуць і як яны над гэтым працуюць? Вы можаце азнаёміцца з палажэннем на нашым сайце, там усё напісана”.
У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама атрымаць каментар пра такія турніры не атрымалася. У Міністэрстве адукацыі адказалі, што яны не курыруюць такія турніры:
“Гэта алімпіяда не пад эгідай Міністэрства адукацыі. Такія змаганні могуць праводзіць абласныя інстытуты адукацыі, але ў такім выпадку існуе нейкая сімвалічная плата за ўдзел. Але ўсе алімпіяды, якія праводзяцца Мінадукацыі, на ўсіх узроўнях з’яўляюцца бясплатнымі. У мінулым годзе нам задавалі такія ж пытанні”.
Распытаць падрабязна пра бюджэты, адпаведныя дазволы і такія “легальныя бізнесы” не атрымалася — на другім канцы дрота павесілі слухаўку.