Больш 30 населеных пунктаў Гарадзеншчыны заставалася без святла з-за навальніцаў
Падзенне дрэваў падчас навальніцаў стала прычынай адключэння святла больш чым у 30 населеных пунктах Гродзенскай вобласці, паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацый.
У Слоніме цягам трох гадзінаў без электрычнасці заставаліся 35 шматкватэрных і 235 прыватных дамоў. Прычына — знос кабеля.
Двойчы адключалася электразабеспячэнне ў Дзятлаўскім раёне — 7 населеных пунктаў у Казлоўшчынскім сельсавеце і 12 у Дварэцкім. У абодвух выпадках прычынай стала падзенне дрэваў на лінію электраперадачы.
З-за падзення дрэваў адключэнні электраэнергіі былі ў Мастоўскім і Карэліцкім раёнах.
Таксама адной з прычынаў адключэння святла ў Мастоўскім раёне было траплянне маланкі ў апору лініі электраперадачы.
Цяпер электразабеспячэнне амаль ва ўсіх населеных пунктах узноўленае.