Больш за 410 тысяч выпадкаў COVID-19 за суткі — у Індыі ўстаноўлены новы рэкорд
Індыйскія крэматорыі не спраўляюцца з колькасцю памерлых / Reuters
У Індыі ўсталяваны чарговы рэкорд па колькасці новых выяўленых выпадкаў COVID-19 за суткі, паведамляе агенцтва ТАСС.
За апошнія 24 гадзіны індыйскія медыкі пацвердзілі каранавірусную інфекцыю ў больш чым 412 тысяч чалавек. У выніку агульная колькасць тых, хто заразіўся, перавысіла 21 мільён. Гэта за увесь час эпідэміі.
Памерла ад COVID-19 за апошнія суткі ў Індыі амаль 4 тысячы чалавек. І гэта таксама рэкорд.
На сённяшні дзень Індыя займае другое месца ў свеце (пасля ЗША) па агульнай колькасці тых, хто заразіўся каранавірусам, і трэцяе месца па ліку смяротных зыходаў з-за гэтай інфекцыі (пасля ЗША і Бразіліі).
Індыйскія ўлады кажуць, што гэта другая хваля і папярэджваюць аб трэцяй. Па іх словах, яна непазбежна. У краіне цыркулюе новы індыйскі штам каранавіруса.
"Новы штам COVID-19, масавае заражэнне якім цяпер адбываецца ў краіне, з'яўляецца больш прыстасаваным да процідзеяння мерам абароны і патрабуе новага падыходу да барацьбы з ім", — заявіў галоўны навуковы дарадца прэм'ер-міністра Індыі Віджай Рагхаван.
Адзіны спосаб хоць неяк супрацьстаяць распаўсюджванню захворвання — гэта выконваць меры бяспекі і вакцынавацца, падкрэсліў ён.
У канцы красавіка СМІ абляцелі фота вогнішчаў на вуліцах індыйскіх гарадоў. Журналісты пісалі аб тым, што людзі паміраюць, не дачакаўшыся ложка ў шпіталі, аб тым, што ў шпіталях сканчаецца кісларод, а целы памерлых ад віруса з-за недахопу месца ў крэматорыях паляць на вуліцах і паркоўках.
Папярэдні рэкорд па колькасці новых выпадкаў заражэння ў Індыі быў усталяваны 1 мая. Тады за суткі выявілі 401 993 новыя выпадкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.