Бомбер: Мы працуем, каб 3D-графіці з'явіліся па ўсёй Беларусі

Віцебскія мастакі-графіцісты, Стас Рабунскі і Кірыл Кулікоў, пачалі працаваць на новым узроўні. Цяпер на гарадскіх вуліцах можна пабачыць графіці ў фармаце 3Д. Аптычная ілюзія стварае ўражанне, што перад табою не малюнкі, а цалкам рэальныя аб'екты, якія можна памацаць ды абыйсці наўкола.

120809 RabunskiS.mp3


Еўрарадыё: Ці бачылі вы недзе яшчэ на прасторах Беларусі такія графіці ў 3D?

Станіслаў Рабунскі: Не, не бачылі. Не бачылі нават людзей, якія б іх бачылі.

Еўрарадыё: 3D-графіці патрабуе спецыяльных акуляраў? Як вы яго ствараеце? У вас спецыяльныя фарбы?..

Станіслаў Рабунскі: Мы скажаем сам нарыс, які ў перспектыўным скарачэнні робіцца нармальным для чалавечага вока…

Еўрарадыё: То бок, гэта тыя сусветна вядомыя малюнкі чувака, які малюе на асфальце…

Станіслаў Рабунскі: Гэта тое ж самае, але мы прыйшлі да гэтага самі, бо ніякай літаратуры няма – гэта трэба самому сядзець і прабаваць.

Еўрарадыё: То бок, ніхто вас не інструктаваў?

Станіслаў Рабунскі: Што да гэтага – так.

Еўрарадыё: Графіці – рэч мастацкая, але і небяспечная, бо трэба заўсёды пільнаваць, ці не ідуць міліцыянты і трэніравацца яшчэ цяжэй. Вы трэніраваліся недзе на палігонах, дома, ці ўсё ж такі на пленэры?

Станіслаў Рабунскі: Людзі адмоўна да гэтага не ставяцца. Калі яны бачаць нейкага чалавека, што на сценах піша – ім гэта не даспадобы. Але калі яны бачаць, што мы малюем на асфальце – ім гэта вельмі падабаецца. Ад дзяцей да старых – я не бачыў аніводнага чалавека, які не ўхваліў бы гэтага.

Еўрарадыё: А міліцыя?..

Станіслаў Рабунскі: Яны – не. Яны нават цікавяцца. Ім самым даспадобы, яны нават фатаграфуюцца.

Еўрарадыё: Ці не падпісаліся вы пад “Славянскі базар”? Ці так можна рабіць кожны дзень?

Станіслаў Рабунскі:  На “Славянскім базары” нам нават вылучылі спецыяльнае месца, каб маляваць. Праўда не надта добрае, але…

Еўрарадыё: А дзе тое месца? Каб можна было прыйсці паглядзець.

Станіслаў Рабунскі: Яго ўжо няма, яго стапталі, праехалі ды дажджом змыла.

Еўрарадыё: А чым вы малюеце?

Станіслаў Рабунскі: Мы малюем пастэллю і крэйдай. Здаецца, што гэта не надта трывалыя матар’ялы, але калі дажджу няма – то гэта можа і да трох месяцаў пратрываць, а нават і даўжэй.

Еўрарадыё: У вас ёсць нейкія нарысы, ці імправізуеце?

Станіслаў Рабунскі: Ёсць эскізы, імправізуем – мы чэрпаем з розных крыніц.

Еўрарадыё: З якіх?

Станіслаў Рабунскі: Ну, глядзім карціны розных мастакоў. Нам падабаюцца сучасныя ілюстратары і мастакі-сюррэалісты.

Еўрарадыё: Вам трэба маляваць ва ўсіх беларускіх гарадах або ствараць школу…

Станіслаў Рабунскі: Мы працуем над гэтым – маляваць ва ўсіх беларускіх гарадах. З’яўляюцца людзі, якія хочуць бачыць малюнкі 3D у сваіх гарадах – мы радыя дапамагчы ім. Што да школы – нам самім вывучыцца б: нам адно 19 год.

Еўрарадыё: Можа даваць нейкія майстар-класы для тых, якія хацелі б навучыцца, але ім можа лянота…

Станіслаў Рабунскі: Праўда – хутчэй лянота, бо людзей шмат у Беларусі, якія ўмеюць маляваць ды крэатыўна мысляць. Але чамусьці за два з паловай гады, як мы гэта робім, не бачылі аніводнага беларуса…

Еўрарадыё: Графіці – гэта хобі, ці асноўны занятак?

Станіслаў Рабунскі: Іншых заняткаў няма. Мы студэнты.  

"Дзяўчынка з бензапілой" сталася ўлюбеніцай віцебчукоў і інтэрнаўтаў. Праўдзівы памер малюнку - 12 метраў, але перспектыва, з якою разлічаны малюнак стварае эфект 3D і гледачу здаецца, што "дзяўчынка" стаіць перад ім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі