БПЦ абвінаваціла Някляева ў паклёпе і жаданні пагрэць рукі на чужым горы
Святар Свята-Міхайлаўскага праваслаўнага храма Аляксандр Шрамко патлумачыў, чаму сваякі Алеся Ліпая адмовіліся ад жалобнай цырымоніі ў гэтай царкве. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку святар абверг ранейшыя выказванні паэта Уладзіміра Някляева, быццам царква адмовіла ў адпяванні нябожчыка і распавёў, як праходзілі перамовы з сям’ёй.
“Яшчэ ўчора ўвечары мы са святаром, які павінен быў адпяваць, абмяркоўвалі некаторыя дэталі. Меркавалася, што адпяванне будзе адслужанае сёння ўвечары, пасля гэтага труна застанецца ў адным з храмаў прыходу да 10.30 нядзелі. Так здарылася, што акурат на гэты час была запланаваная штомесячная літургія на беларускай мове, такое вось шматзначнае супадзенне. Таму меркавалася, што труна будзе стаяць падчас службы, а пасля службы перад вынасам я паслужу яшчэ памінальную ліцію па-беларуску.
Учора ўвечары прыйшлі сваякі абгаварыць дэталі і паглядзець месца. Адзначылі, што замалая стаянка для меркавай колькасці ахвочых развітацца. Апроч таго, храм Ксеніі Пецярбургскай замалы для такой колькасці, а ў вялікім храме паставіць труну немагчыміа, бо там галоўная і шматлюдная служба будзе ісці да 12.00. Вось з шэрагу такога кшталту тэхнічных момантаў сваякі нябожчыка былі не зусім задаволеныя, але нібыта з усім пагадзіліся, а раніцай патэлефанавалі, выбачыліся і паведамілі, што вырашылі ўсё ж правесці на Альшэўскага”, — напісаў святар.
Сваякі Алеся Ліпая таксама заявілі прэсе, што перанесці жалобную цырымонію было іх ініцыятывай.
Уладзімір Някляеў раней змясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку допіс пра адмову царквы адпяваць Алеся Ліпая. Паэт выказаў абурэнне. У каментараў да гэтага допісу адзначыўся старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ Сяргей Лепін, які назваў вызкаванні Някляева паклёпам і жаданнем пагрэць рукі на чужым горы.
Развітанне з заснавальнікам і дырэктарам агенцтва БелаПАН Алесем Ліпаем пройдзе 26 жніўня з рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага ў Мінску з 9.00 да 12.00. Пахаванне адбудзецца пазней, у Рудзенску.