Брастаўчанцы прысудзілі калонію за каменты пра Лукашэнку і данат у 97 долараў
Алеся Лянцэвіч
Брэсцкі абласны суд асудзіў псіхолага Алесю Лянцэвіч на 3,5 года калоніі, піша BG.media. Жанчыну вінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
Судовы працэс ішоў чатыры дні. Суддзя Руслана Сянько прысудзіла калонію, хаця ў Лянцэвіч падазрэнне на цяжкае захворванне.
Жанчыну затрымалі 25 траўня. Яе абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў фондам BYSOL і ByHelp, якія якія тады яшчэ не былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Агульная сума данатаў на той момант склала амаль 250 рублёў (каля 97 долараў).
Таксама Лянцэвіч пакінула чатыры каментары пра Лукашэнку: яна назвала яго "малпай з гранатай" і "кончаным клоўнам". Па двух каментарах скончыўся тэрмін даўнасці ў два гады, але яны ўсё роўна фігуравалі ў абвінавачванні.
Таксама жанчыну спярша вінавацілі ў абразе намесніка міністра МУС Мікалая Карпянкова, якога яна назвала псіхапатам. Але ў гэтым выпадку абвінавачванне знялі, бо тэрмін даўнасці прамінуў.
Лянцэвіч на судзе прызнала, што рабіла данаты, але адпрэчыла "экстрэмісцкія" матывы. Таксама жанчына прызнала сябе вінаватай у абразе Лукашэнкі.
Яна звярнула ўвагу суда што ў яе падазрэнне на цяжкае захворванне, якое немагчыма будзе ні дыягнаставаць, ні нармальна лячыць у калоніі. Аднак суд не звярнуў на гэта вялікай увагі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.