Брэкзіт не паўплывае на адносіны Вялікабрытаніі і Беларусі

Брэкзіт не паўплывае на адносіны Вялікабрытаніі і Беларусі

Выхад Вялікабрытаніі з ЕС не зменіць яе палітыку ў дачыненні да Беларусі. Як і раней, вялікая ўвага будзе аддавацца развіццю эканамічных адносін, але правы чалавека і смяротнае пакаранне таксама застануцца нязменнымі тэмамі ў дыялогу Лондана і Мінска.

"На цяперашні момант я не бачу вялікіх змен паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй пасля яе выхаду з ЕС. За апошнія тры гады нашы адносіны значна пашырыліся. Спадзяёмся, што мы будзем цесна супрацоўнічаць з Беларуссю ў пытаннях гандлю. Але мы працягнем абмяркоўваць з кіраўніцтвам Беларусі і пытанне правоў чалавека. Я думаю, што нашы адносіны з Беларуссю дастаткова моцныя, каб абмяркоўваць такія тэмы", — адказваючы на пытанне Еўрарадыё, заявіла амбасадарка Яе Вялікасці Жаклін Перкінс.

Нядаўна Вялікабрытанія захавала санкцыі ў дачыненні да Беларусі, уведзеныя яшчэ за часам, калі яна ўваходзіла ў Еўрасаюз.

"І як у выпадку з ЕС, рэжым санкцый будзе пераглядацца штогод. Але пакуль што санкцыі тыя ж, што і былі. Каб нешта змянілася, нам трэба зафіксаваць вялікі прагрэс у сферы правоў чалавека. Мы бачым, што ў беларусаў ужо ёсць пэўны прагрэс у гэтай сферы, і мы будзем заахвочваць яго", — працягнула спадарыня Перкінс.

На яе думку, найперш прагрэс можа палягаць у пашырэнні магчымасцяў для дыялогу паміж грамадзянскай супольнасцю і беларускімі ўладамі. Другая важная тэма — смяротнае пакаранне.

"Вялікабрытанія лічыць, што смяротнае пакаранне — гэта несправядлівае пакаранне пры любых абставінах. І я спадзяюся, што некалі Беларусь увядзе мараторый ці цалкам адменіць смяротнае пакаранне", — кажа Жаклін Перкінс.

Па словах дыпламаткі, у амбасады былі добрыя адносіны з рабочай групай Палаты прадстаўнікоў мінулага склікання, якая вывучала магчымасць адмяніць смяротнае пакаранне. Брытанцы плануюць наладзіць супрацоўніцтва і з новым складам рабочай групы, якую ўзначальвае Генадзь Давыдзька.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі