Брэсцкага байца ММА асудзілі на 9 гадоў за кантрабанду псіхатропаў
На дзевяць гадоў пазбаўлення волі асуджаны жыхар Брэста за незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва ў буйным памеры. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў пракуратуры вобласці.
Непрацуючага 27-гадовага мужчыну затрымалі 27 лістапада 2017 года ў пункце пропуску "Варшаўскі мост". Ён ехаў з Польшчы на асабістым аўтамабілі. Падчас мытнага надгляду брастаўчанін паспрабаваў пазбавіцца ад белага скрутку, які ляжаў у яго ў кішэні штаноў. Адштурхнуўшы інспектара, кіроўца паспрабаваў уцячы са службовага памяшкання. Пры затрыманні мытнікі ўжылі фізічную сілу і спецсродкі. Пазней выявілася, што затрыманы — баец ММА (змяшаных адзінаборстваў).
Экспертыза выявіла, што ў скрутку было 50,97 грамаў асабліва небяспечных псіхатропаў, якія не выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах. Знойдзеная колькасць рэчыва была разлічаная на 350-400 разавых дозаў. Пры ператрусе па месцы жыхарства затрыманага праваахоўнікі таксама знайшлі наркатычныя сродкі.
На судзе мужчына цалкам прызнаў віну. Ён паведаміў, што наркотыкі вазіў праз мяжу з Польшчы з мэтай збыту. За перавозку яму ён разлічваў на ўзнагароджанне ў 250 долараў.
28 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў брэстаўчаніна вінаватым у незаконным абароце наркотыкаў і незаконным перамяшчэнні наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу. Па сукупнасці злачынстваў ён асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.