Брэсцкая міліцыя выклікае "на размову" незалежнага журналіста
Аб гэтым Алесю Ляўчуку па тэлефоне паведаміў міліцыянер.
У Брэсце міліцыя выклікае "на размову" незалежнага журналіста. Па словах Алеся Ляўчука, 18 снежня яму патэлефанавалі на мабільны тэлефон. Мужчына назваўся ўчастковым інспектарам Ленінскага РАУС. Праваахоўнік паведаміў, што ў дачыненні незалежнага журналіста распачаты адміністрацыйны працэс. Праўда, па якім артыкуле ён распачаты, участковы не ўдакладніў.
"Ён вельмі хацеў са мной сустрэцца наконт майго інтэрв'ю, якое я браў на Савецкай вуліцы 24 лістапада. Сапраўды, я там браў інтэрв'ю, бо я журналіст і працую на кампанію БелаПАН. Час ад часу я
запісваю меркаванні людзей", — распавёў Еўрарадыё Алесь Ляўчук.
Ён дадае, што ад сустрэчы ён адмовіўся і запатрабаваў даслаць яму позву. Пасля гэтага міліцыянер паведаміў, што асабіста прывязе пратакол журналісту дахаты.
Фота — Facebook