Брэсцкі абласны суд не апраўдаў фігуранта "трактарнага канфлікту" з ДАІ

Брэсцкі абласны суд не апраўдаў фігуранта "трактарнага канфлікту" з ДАІ

11 верасня ў Брэсце адбыўся паўторны разгляд справы "трактарнага канфлікту" з ДАІ. На загад Вярхоўнага суду судовая камісія Брэсцкага абласнога суду сабралася ў новым складзе. Аляксандр Бяльчук, які ўжо адседзеў 3 месяцы нібыта за збіццё даішніка, апраўдальнага рашэння так і не атрымаў. У аргументах абароны абвінавачанага суд не ўбачыў падставаў, каб задаволіць скаргу.

Распавядае Еўрарадыё Аляксандр Бяльчук.

Бяльчук: "Надзеі не было ніякай, што апраўдаюць, бо ў нас у краіне такая сістэма. Я ж адседзеў 3 месяцы! Калі бы вынеслі апраўдальны прысуд, то трэба б было выпісаць кампенсацыю за маральную і матэрыяльную шкоду. А дзе ўзяць грошы? Гэта ж усё дзяржаўныя грошы. Значыцца, улады пойдуць на ўсе сродкі, каб не апраўдаць".

Тым не менш мужчына збіраецца надалей абскарджваць рашэнне аб сваім прысудзе.

Нагадаем, што "трактарны канфлікт" адбыўся 9 траўня 2014 года ў вёсцы Страдзеч. ДАІ хацела канфіскаваць самаробны трактар вяскоўца. Паводле версіі даішнікаў, мужчына ездзіў на ім без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік, Аляксандр Бяльчук, кажа, што трактар выкарыстоўваў толькі на прыватным падворку.

На абарону вяскоўца з'явіліся сваякі і знаёмыя. Падчас спробы канфіскаваць трактар паміж вяскоўцамі і праваахоўнікамі адбылася сутычка. Міліцыянты з'ехалі без трактара, а на  Бельчука завялі крымінальную справу за збіццё супрацоўніка ДАІ.

Прысуд па справе быў агучаны 12 студзеня гэтага году ў Брэсцкім раённым судзе.  Аляксандра Бельчука прызналі вінаватым і прысудзілі да 3 месяцаў арышту.

Сам Бяльчук сваёй віны так і не прызнаў, бо не бачыць у сваіх дзеяннях складу злачынства. Усю справу ён лічыць сфабрыкаванай супрацоўнікамі міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі