Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Чарнавуса
Грамадскі актывіст абскарджваў пастанову суддзі суда Баранавіцкага раёна і Баранавічаў ад 21 ліпеня.
Паводле таго прысуду, індывідуальнага прадпрымальніка прызналі вінаватым у арганізацыі і правядзенні 1 ліпеня несанкцыяванага сходу прадпрымальнікаў на мясцовым кааператыўным рынку.
Па словах Чарнавуса, якія перадае праваабарончы сайт "Вясна", разгляд скаргі ў абласным судзе заняў толькі некалькі хвілін. "Абласны суд, дарэчы, як і суд першай інстанцыі, зусім ігнаруе той факт, што мне так і не далі магчымасці азнаёміцца з адміністрацыйным пратаколам. Суд не звяртае нават увагі на тое, што больш за 100 прадпрымальнікаў падпісаліся, што яны самі арганізаваліся 1 ліпеня, і што з трох сведкаў, пазначаных ў гэтым пратаколе, ніхто так і не падцвердзіў, што менавіта я быў арганізатарам несанкцыянаванага мерапрыемства", — адзначае Чарнавус.
Ён катэгарычна не згодны з рашэннем абласнога суда і будзе звяртацца ў вышэйшыя органы судовай ўлады.