Брэсцкі абласны суд перагледзіць справу “трактарнага канфлікту” з ДАІ
Брэсцкі абласны суд перагледзіць справу “трактарнага канфлікту” з ДАІ. Нагадаем, што адбыўся ён 9 траўня 2014 года ў вёсцы Страдзеч. ДАІ хацела канфіскаваць самаробны трактар вяскоўца. Паводле версіі даішнікаў, мужчына ездзіў на ім без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік, Аляксандр Бяльчук, кажа, што трактар выкарыстоўваў толькі на прыватным падворку.
На абарону вяскоўца з'явіліся сваякі і знаёмыя. Паводле службовай экспертызы, брат уладальніка трактара нанёс інспектару ДАІ "адзін удар у вобласць правага вока і носа", а таксама пракусіў кісць правай рукі. Міліцыянты з'ехалі без трактара, а на двух братоў Бельчукоў завялі крымінальную справу.
Прысуд па справе быў агучаны 12 студзеня гэтага году ў Брэсцкім раённым судзе. Суддзя Уладзімір Шаламіцкі прызнаў Аляксандра Бельчука вінаватым і прысудзіў яго да 3 месяцаў арышту. Увогуле ж за гвалт у дачыненні да міліцыянта мужчыну пагражала да 6 гадоў турмы. Разбіральніцтва з другім удзельнікам канфлікту, братам Мікалаем, вылучанае ў асобны працэс.
Сам Бяльчук сваёй віны так і не прызнаў. Усю справу ён лічыць сфабрыкаванай супрацоўнікамі міліцыі. Адразу пасля абвяшчэння прысуду мужчына пачаў працэс яго абскарджвання.
Днямі стала вядома, што Вярхоўны суд загадаў Брэсцкаму абласному перагледзіць справу ў новым складзе. Навіну пра перагляд справы Бяльчук сустрэў, калі ўжо адседзеў свой тэрмін у арыштным доме ў Баранавічах.
Распавядае Еўрарадыё праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
“Былі сведкі таго, што адбывалася, калі спрабавалі забіраць трактар, былі фотаздымкі, на якіх было бачна, хто каго насамрэч збівае. Паказанні сведкаў і тое, што сведчылі гэтыя здымкі, не былі прынятыя пад увагу ні раённым судом, ні абласным. Таму, на маю думку, Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што справу трэба перагледзіць”.
Паўторны разгляд справы адбудзецца сёння, 11 верасня ў Брэсцкім абласным судзе.
Фота з архіву