Брэст пускае штодзённыя аўтобусы ў Варшаву і Бяла-Падляску
Штодзённыя аўтобусы з Брэста ў Варшаву пачнуць хадзіць ужо 30 траўня. А з нядзелі, 31 траўня, аўтобусы з Брэста адправяцца яшчэ і да Бяла-Падляскі. Пра гэта парталу TUT.by распавёў начальнік Брэсцкага аўтавакзала Мікалай Радзюк.
Аўтобус у Варшаву будзе адпраўляцца з Брэсцкага аўтавакзала штодня ў 12:30 і 10:00, у Бяла-Падляску — у 17:50 і 14:30.
29 траўня пачалі дзейнічаць змены ў пастанове Саўміна № 171, якія вызвалілі кіроўцаў міжнародных аўтобусных рэйсаў ад абавязковага 14-дзённага каранціну.
Таксама праз Брэст будуць ехаць аўтобусы маршрутаў Мінск—Брэст—Гданьск, Мінск—Брэст—Прага.
Квіткі будуць прадавацца з улікам сацыяльнай дыстанцыі — адзін на два месцы.
Вазіць людзей у Варшаву будзе польская кампанія-перавозчык. Яе прадстаўнік паведаміў, што ва ўсіх пасажыраў на ўваходзе ў аўтобус будуць вымяраць тэмпературу. Хворых у рэйс не возьмуць, бо калі хворага выявяць на мяжы, то назад вернуць увесь аўтобус.
"Пры перасячэнні польскай мяжы беларус, які павінен будзе адбыць у Польшчы 14-дзённы каранцін, абавязаны даць нумар мабільнага тэлефона і адрас месца, дзе ён будзе адбываць каранцін", — паведаміў прадстаўнік польскага перавозчыка.
Дарэчы, усе пасажыры аўтобуса абавязаныя быць у масках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.