Брэстаўчанін выйграў справу супраць Беларусі ў ААН

Брэстаўчанін выйграў справу супраць Беларусі ў ААН

Актывіст Юрый Бакур быў затрыманы і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці яшчэ ў далёкім 2007 годзе. Праз 8 гадоў Камітэт па правах чалавека ААН ўстанавіў, што гэтае затрыманне было незаконным.


Падзеі 7-гадовай даўніны ўзгадвае праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляў інтарэсы Бакура ў камітэце.

Юрый Бакур і іншыя актывісты былі затрыманыя падчас прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты з лесу”, якая праходзіла ў межах адкрытага паседжання арганізацыйнай структуры партыі БНФ у горадзе Брэсце. Людзі былі затрыманыя і палова з іх была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці”.

Суд Маскоўскага раёна прызнаў Бакура вінаватым ва удзеле ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства і аштрафаваў яго на тры базавыя велічыні (на той час 93 тысячы рублёў).

Фактычна, актывіст быў прыцягнуты да адказнасці за партыйны сход у памяшканні, якое на той час арэндавала брэсцкая філія партыі БНФ. Аднак усю абсурднасць сітуацыі не ўгледзеў ні суд, які прыймаў рашэнне, ні наступныя судовыя інстанцыі, якія разглядалі скаргі грамадскага актывіста.


У камітэт па правах чалавека ААН Юрый Бакур звярнуўся ў ліпені 2008 года пасля беспаспяховага абскарджання ў судовых інстанцыях Беларусі. Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, скарга ў міжнароднай інстанцыі была зарэгістраваная ў 2009 годзе.


Ён скардзіўся на парушэнне права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ён быў затрыманы на 6 з паловай гадзін і гэта затрыманне аніяк афіцыйна не афармлялася. Таксама, па сутнасці, гэта было адвольнае затрыманне і пераслед з мэтай атрымаць ад яго і іншых актывістаў інфармацыю. Камітэт прызнаў парушэнне права на мірны сход, на свабоду атрымання інфармацыі і права на свабоду і асабістую недатыкальнасць”.

Сярод затрыманых і прыцягнутых да адказнасці па той справе быў і брэсцкі актывіст Партыі БНФ Сяргей Лазенка. Ён таксама напісаў скаргу ў камітэт, які ў кастрычніку 2014 ўстанавіў парушэнне яго права на мірны сход і атрыманне інфармацыі.

Раман Кісляк адзначае, што асноўная функцыя Камітэта ААН па правах чалавека ў разглядзе індывідуальных скаргаў — указваць дзяржавам на неправамернае заканадаўства ці практыку яго прымянення, якое парушае міжнародны дагавор.

Перш за ўсё, гэта такая, можна сказаць, “чорная метка”. То бок ёсць факт таго, што Беларусь парушыла Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. І я спадзяюся, што гэтая справа і іншыя аналагічныя справы прывядуць да таго, што супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнікі іншых дзяржаўных органаў прыпыняць праводзіць такія вось адвольныя затрыманні людзей, якія збіраюцца нават у закрытых памяшканнях”.


Дарэчы, затрыманне на прэзентацыі кнігі "Лісты з лесу" на той час было адным з самых масавых ў Брэсце. У пастарунак міліцыі патрапілі 28 чалавек, на 15 з якіх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Не ўсім тады "пашчасціла" атрымаць штраф. Паўлу Севярынцу і мясцоваму актывісту Андрэю Шарэндзе прысудзілі некалькі сутак адміністрацыйнага арышту.


Антырэкорд пратрымаўся да лета 2011 году, калі па краіне праходзілі так званыя "маўклівыя акцыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі