БРСМаўцаў пазбавілі адраснай дапамогі з-за будаўнічых атрадаў

Як нечакана аказалася, льготы пакінулі толькі адзінокім інвалідам 1-й і 2-й групы, у якіх увогуле няма дзяцей. Еўрарадыё высветліла, што з-за трактоўкі закону можна пазбавіцца льготаў і адраснай сацыяльнай падтрымкі ў самых неверагодных выпадках. Напрыклад, маладая студэнцкая сям’я мае права разлічваць на дапамогу толькі ў тым выпадку, калі і муж, і жонка вучацца на бюджэтнай форме дзённага аддзялення. Калі хоць адзін з іх навучаецца за ўласныя грошы, тады сям’я цалкам пазбаўляецца сацыяльнай падтрымкі.

У абсурдную сітуацыю трапляюць і студэнты, якія за мінулы год выязджалі за мяжу на аздараўленне, адпачынак альбо ў працоўны лагер ад БРСМ. Паводле закону, халастыя студэнты, якія “здзяйснялі за кошт уласных сродкаў выязны турызм на працягу апошніх дванаццаці месяцаў перад датай звароту па прызначэнне штомесячнай сацыяльнай дапамогі”, не могуць разлічваць на адрасную падтрымку.

Галоўнага спецыяліста аддзела адраснай сацыяльнай падтрымкі Партызанскага раёна сталіцы Раісу Нячаенка больш за ўсё бянтэжыць, што можна аднесці да выязнога турызму. Яна чытала закон некалькі разоў, але адказаць на ўсе пытанні Еўрарадыё не можа, заўсёды раіцца са сваімі супрацоўніцамі. Кажа, што за месяц ніводны студэнт да іх не звярнуўся.

Еўрарадыё: Калі студэнт выязджаў у Крым у працоўны лагер, тады ён не можа звярнуцца па падтрымку?
Раіса Нячаенка: Атрымліваецца, што не. Расшыфроўкі гэтага пункта, як разумець выязны турызм, у нас няма. Выключэннем могуць стаць такія выпадкі, калі ён выязджаў, а ў яго там бацькі жывуць. Тады ён падае даведку, што там жывуць і прапісаны яго бацькі.
Еўрарадыё: А калі студэнт выязджаў за мяжу на стажыроўку?
Раіса Нячаенка: А за чый кошт яна выязджала?
Еўрарадыё: За кошт універсітэта.
Раіса Нячаенка: У гэтым выпадку пацвярджальны дакумент.

У законе аб адраснай сацыяльнай дапамозе пералічваецца шмат катэгорый грамадзян, якім прадугледжана такая падтрымка, але зараз закон пачынаюць так трактаваць, што пад яго патрапляюць толькі адзінокія маці.

Ідзем далей. Тое ж самае можна сказаць і пра адмену льгот. У дакуменце ўказана, што інваліды 1 і 2 групы маюць права на 50% аплаты камунальных паслуг толькі ў тым выпадку, калі няма працаздольных чальцоў сям'і, яны пражываюць адны, разам з інвалідамі такіх жа груп або непрацуючымі пенсіянерамі.

Напрыклад, калі інвалід жыве разам з дачкой, тады ён не можа разлічваць на такую палёгку. 50% аплаты камунальных паслуг пазбаўляюцца нават і тыя, у каго ёсць дарослыя дзеці. Начальнік упраўлення сацыяльнай абароны Маскоўскага раёна Вольга Сцяпанава кажа Еўрарадыё, што пад гэты указ патрапляюць толькі адзінокія інваліды.

Вольга Сцяпанава: Ільготы захаваліся толькі ў дачыненні да адзінокіх інвалідаў.
Еўрарадыё: А калі бабуля-інвалід жыве адна, а дзеці таксама пражываюць у Мінску?
Вольга Сцяпанава: Ёй можа быць нададзены статус адзінока-пражываючай, але не адзінокай. Адзінокая – гэта ў каго дзеці адсутнічаюць увогуле ці пражываюць па-за межамі рэспублікі.

У разлікова-даведачным цэнтры ЖЭС№76 кажуць Еўрарадыё: “Галоўнае, каб інвалід у кватэры быў прапісаны адзін”. Ніякіх дзяцей яны не ўлічваюць, бо не ведаюць, як гэта можна даказаць. Аператар Антаніна ўвогуле здзіўлена, як дарослыя сын ці дачка могуць уваходзіць у склад сям’і сваіх сталых бацькоў. Калі да ўчорашняга дня яны не ведалі, што рабіць, то ліст з Міністэрства камунальнай гаспадаркі патлумачыў гэта непаразуменне: трэба ўлічваць толькі тых, хто прапісаны ў кватэры, а не блізкіх сваякоў.

З указам аб ільготах дзяржава ўвяла яшчэ і нормы таго, у якім памеры інвалід можа карыстацца вадой, электрычнасцю. Усё, што звыш нормы, аплочвае сам інвалід. У разлікова-даведачным цэнтры паспелі падлічыць, што насамрэч яму прыходзіцца аплочваць не 50% камунальных паслуг, а 75%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі