Brutto падарылі Naviband рэпетыцыйную базу, запіс фанаграмы і унікальную гітару
Днямі гурт Brutto паабяцалі, што “будуць дапамагаць на ўсіх франтах” пераможцам нацыянальнага адбору конкурсу “Еўрабачанне-2017” Naviband. І вось Міхалок і кампанія перайшлі ад слоў да справы. Яны падарылі беларускім прадстаўнікам на міжнародным песенным конкурсе адмысловую мадыфікацыю акустычнай гітары ад Андрэя Кібіня, аднаго з лепшых майстроў Беларусі з Гродна. Гук гэтай гітары, адзначаюць музыкі, можна было пачуць у кліпах "Чайка" і "12 обезьян".
“Мы паразмаўлялі па тэлефоне з Naviband, і я ім распавёў, што мы на сёння запланавалі, што можам і жадаем падарыць, — каментуе прадзюсар Brutto Антон Азізбекян. — А вось нейкія прыватныя моманты, дапамога ў якіх ім можа спатрэбіцца ў Кіеве, бытавыя пытанні, нейкія яшчэ там… то гэта ўжо будзем абмяркоўваць падчас сустрэчы, знаёмства, якія ў нас запланаваныя на наступны тыдзень”.
Апроч гітары, Brutto аддаюць гурту Naviband бясплатную рэпетыцыйную базу на час падрыхтоўкі да “Еўрабачання”, а таксама запіс прафесійнай фанаграмы для конкурсу ў студыі Андрэя Баброўкі "Селах" і майстарынг песні ў нью-ёркскай студыі Sterling Sound.
Ці скарыстаюцца Naviband падарункамі, Антон Азізбекян не ведае. Маўляў, “мы ім далі магчымасць, а яны няхай думаюць, мы ў гэта ўмешвацца не будзем”.