Brutto "Underdog"
Дэбютны альбом новага праекта Сяргея Міхалка і яго сяброў-спартоўцаў.
На 12-ты дзень існавання свежаспечаны праект Сяргея Міхалка Brutto выстрэльвае дэбютным альбомам "Underdog" з 12-цю песнямі. У ім каманда спартоўцаў на чале з мастацкім кіраўніком Міхалком дэманструе "новы парадаксальны стайл зносін са светам".
"Парадаксальны стайл" Брыгады рэвалюцыйнага угару і творчага адпору імя Арнэлы Муці прыходзіцца да густу далёка не ўсім прыхільнікам "Ляпісаў". Бо звыклы замагар за сацыяльную справядлівасць, нават прарок, Міхалок раптам адракаецца ад сваіх ранейшых ідэалаў і робіць выклік гапаце, але не той, "што на семках", а гапаце інтэлектуальнай. Дзеля гэтага Міхалок выводзіць на авансцэну далёкіх ад шоў-бізу, але сваіх у спорце Віталя Гуркова, Пецю, Тапара, Лэфта, Бразіла і Антонія. І аддае ім мікрафон. І вось той самы Бразіл, які цісне па 140 ад грудзей, спрабуе пераканаць, што "лучшие друзья мужчины в мире — красивые, надёжные, чугунные гири". І Міхалок кажа, што калі ён пра гэта праспявае, то яму не павераць. А вось Бразілу мусяць паверыць. Ці Гуркову, "шлях якога бачны ў шнарах і ўчынках" і які сто разоў даказваў, што "Наша возьме". Такім чынам Міхалок-правакатар і канцэптуаліст сыходзіць з трыбун у сутарэнні і паказвае жыццё простых хлопцаў, суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, якія не ныюць і сузіраюць, а дзейнічаюць.
Натуральна, што Міхалок правакуе. Ён адмыслова ставіць слухача ў ступар. Ён адмыслова сумяшчае несумяшчальнае, як дасведчаны гулец і баец. І нібыта на альбоме "Underdog" няма чаго і слухаць, але ўсе пра яго гавораць. Аўтар глыбокасэнсоўных “Грай” і “Я верю” лёгка рыфмуе мінімалістычнае, практычна агніябартоўскае "Вот летит грач, ты не бей его ногою, бей ногою мяч” і смяецца над тым, як большасць папракае яго за прымітыў і вар’яцтва. Ці не верыць яго “абнуленню”: маўляў, усё гэтае “брута” ёсць пралічаны піяр-ход і закід на новую, маладаследаваную і цёмную аўдыторыю, і ўвогуле, фіговы альбом — ні тэкстаў, ні музыкі.
Ну, музыка тут ні пры чым. Яна амаль такая ж, як была на апошніх альбомах "Ляпісаў". Толькі без дудак. Але з крутымі крычалкамі і рэфрэнамі, якія ўпісваюцца ў памяць падобна піяўкам. І з тонкім, амаль незаўважным ухілам у фолк. А вось панк-рок чыстай вады тут больш заўважны. Ну і хард-кор. Бо "Бразіл — гэта хардкор". А каверы на Andrew W.K. і Duran Duran? Ну, гэта каб паказаць, што людзі з качалкі могуць спяваць па-англійску лепш за многіх пераемнікаў Joy Division і што могуць быць рамантыкамі, а не толькі біць у морду.
"Underdog" трэба разумець так, як атрымліваецца. Тут не трэба спрабаваць дакапацца да схаваных сэнсаў. Бо, магчыма, сэнсаў гэтых увогуле няма. Ці яны на далоні. Проста ў Міхалка новыя сябры. Яны ходзяць у спартзалу і пішуць песні пра сябе і сваіх калег па трэнажорцы. Іх чакаюць на Аўтзаводзе, у Брэсце і Уладзівастоку. А ўсё астатняе — Fuck The Rest!