BSFF: прадстаўнік FIS прыехаў у НАК, ведаючы пра ўціск Казекі і Раманоўскай

BSFF: прадстаўнік FIS прыехаў у НАК, ведаючы пра ўціск Казекі і Раманоўскай

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (Belarusian Sport Solidarity Foundation, BSSF) здзіўлены візітам дырэктара спаборніцтваў па фрыстайле Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) Андрэа Рынальдзі ў Мінск.

Прадстаўнік FIS наведаў Беларусь 15 снежня. У штаб-кватэры НАК ён сустракаўся з кіраўніцтвам беларускага Алімпійскага камітэта, у тым ліку з віцэ-прэзідэнтам Віктарам Лукашэнкам. Таксама ён наведваў РЦАП па фрыстайле ў Мінску і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы". Рынальдзі абмяркоўваў падрыхтоўку Беларусі да этапаў Кубкаў свету і Еўропы 2021 года па лыжнай акрабатыцы.

BSSF нагадвае, што ўвесь выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі нядаўна трапіў пад санкцыі МАК.

"BSSF выказвае сваё здзіўленне і лічыць недапушчальнымі любыя кантакты з чальцамі НАК Беларусі, якія трапілі пад санкцыі, бо з іх боку няма ніякай рэакцыі на рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх спартсменаў (агулам ужо больш за 70 кейсаў). Варта нагадаць, што перамовы з НАК Беларусі адбыліся адразу на фоне дзвюх гучных падзей: па-першае, раней МАК рэкамендаваў спыніць у Беларусі любыя мерапрыемствы, звязаныя з Алімпійскімі гульнямі. Этап кубка свету па фрыстайле, правядзенне якога ў Беларусі абмяркоўвалі чальцы НАК і прадстаўнік FIS, з'яўляецца этапам алімпійскай кваліфікацыі. Такім чынам, гэтая сустрэча і магчымае правядзенне этапу кубка свету ідуць насуперак рашэнню МАК", — падкрэсліваецца ў заяве BSSF.

Акрамя таго Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці днямі адаслаў у МАК і FIS зварот аб рэпрэсіях супраць галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалая Казекі і фрыстайлісткі Аляксандры Раманоўскай

Абое яны падпісаліся пад лістом спартоўцаў за новыя сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў. Пасля падпісання ліста Казеку пазбавілі стыпендыі, запатрабавалі вярнуць грошы за 11 месяцаў працы і абмежавалі магчымасць працы з камандай. Раманоўскую пасля падпісання ліста выключылі са складу нацыянальнай зборнай.

"Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікае спартыўных функцыянераў усяго свету ўстрымацца ад любых кантактаў з дзейнымі спартыўнымі чыноўнікамі Беларусі да змены палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да спартоўцаў", — гаворыца ў заяве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі