Будаўніцтва "Газпром цэнтра" ў Мінску вырашылі закансерваваць
Будаўніцтва "Газпрам цэнтра" на месцы былога аўтавакзала "Маскоўскі" ў Мінску будзе закансерваванае. Як піша tut.by, беларуская "дачка" расійскай кампаніі пачала юрыдычную працэдуру афармлення гэтага рашэння.
Рашэнне пра кансервацыю было прынятае пасля таго, як прайшло тры месяцы з даты прыпынення будаўніцтва. Як паведамлялася ў СМІ, яно было прыпыненае на пачатку верасня.
Аднавіць будаўніцтва за тры месяцы не ўдалося, таму было вырашана закансерваваць будоўлю, каб не трапіць пад санкцыі за парушэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. "Раней яны ў неафіцыйных гутарках казалі аб прыпыненні фінансавання для гэтага аб'екта", — паведаміла парталу tut.by інфармаваная крыніца.
Меркаванай прычынай такога рашэння назваюць тое, што ў кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь" знізіліся прыбыткі. А менавіта з іх і мусіла фінансавацца амбіцыйнае будаўніцтва. Нагадаем, што будаўніцтва "Газпрам цэнтра" пачалося ў 2015 годзе і мусіла завяршыцца ў 2018-м.
Сёлета Беларусь і Расія цэлы год вядуць спрэчку па коштах на пастаўкі расійскага газу. "Газпрам" настойвае на 132 доларах за тысячу кубаметраў, як гэта запісана ў дамове. Афіцыйны Мінск жа плаціць па кошце, які лічыць справядлівым — 73 долары за тысячу "кубоў". Паводле апошніх звестак, расійскі бок ацэньвае запазычанасць Беларусі за пастаўкі газу ў 340 млн долараў.