"Будзе смешна і балюча" — "Купалаўцы" рыхтуюць прэм'еру
Афіша новага спектакля "Купалаўцаў"
"Купалаўцы" паставілі новы спектакль і гатовыя прадставіць яго публіцы. Прэм'ера адбудзецца заўтра ў польскім Кракаве на сцэне "Małopolski Ogród Sztuki". Будуць паказваць "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" па матывах рамана Сяргея Пясецкага.
"Пясецкі — польскі пісьменнік родам з беларускіх Ляховіч, кантрабандыст, шпіён, нястомны шукальнік прыгод і збіральнік неверагодна праўдзівых гісторый", нагадваюць "Купалаўцы". Для пастаноўкі яны выбралі адну з самых вядомых яго гісторый. Гэты раман Пясецкі пісаў ужо ў эміграцыі, гэты твор быў забаронены ў сацыялістычнай Польшчы. Пясецкі апісвае падзеі Другой сусветнай вайны на Віленшчыне і Гродзеншчыне, але робіць гэта вачыма салдата савецкай Арміі. Атрымалася жорсткая сатыра, якая паказвае менталітэт "носьбіта магутнай ідэалогіі, грамадзяніна новай вялікай дзяржавы. Але што будзе, калі прыгледзецца да галоўнага герою ўважлівей?". "Купалаўцы" прапануюць сваю версію Пясецкага.
"Будзе смешна і балюча, абяцаем вам", кажуць яны.
Спектакль паставіў Мікалай Пінігін. У ролях — Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігаў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская.
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вялікая частка трупы Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы падтрымала пратэсты і выступіла супраць гвалту. Яны сышлі ўслед за дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, але працягнулі працаваць. За год выпусцілі некалькі відэапастановак. Яны апублікаваныя на іх youtube-канале. Тут жа 13 студзеня — пад стары Новы год — можна будзе ўбачыць і прэм'еру — "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.