Бураўкін: Мы заклалі падмурак беларускага нацыянальнага тэлебачання
У Міжнародны дзень тэлебачання старшыня Дзяржтэлерадыё БССР ад 1978 да 1990 году Генадзь Бураўкін параўноўвае старое і новае БТ.
Еўрарадыё: Якія дасягненні таго старога тэлебачання вы лічыце самымі вялікімі?
Генадзь Бураўкін: Калі ўзгадаць тыя гады, калі я кіраваў тэлебачаннем, то мне, перш за ўсё, дорага тое, што мы з калектывам падрыхтавалі і пачалі весці самастойную нацыянальную беларускую тэлевізійную праграму. Мы яшчэ не здолелі давесці яе да такога ўзроўню, як хацелі, але быў закладзены падмурак менавіта беларускага нацыянальнага тэлебачання. На жаль зараз гэтыя падваліны вельмі ўдала і вельмі ўмела разбураныя, і я не бачу вялікага жадання іх аднаўляць. У свой час і футбольныя рэпартажы былі беларускімі, і эстрадныя канцэрты былі цалкам беларускія.
Еўрарадыё: А якія перадачы былі тады самымі папулярнымі?
Генадзь Бураўкін: Самыя папулярныя праграмы былі беларускамоўныя. Я маю на ўвазе і тэлеклуб “Ліра”, і тэлефестываль “Песню бярыце з сабой”, дзе запрошаныя зоркі савецкай эстрады спявалі песні беларускіх кампазітараў на беларускія вершы. Цяпер нічога гэтага няма, мы сталі незалежнай дзяржавай, мы ўсюды гаворым пра гэта, але паступова душым тое беларускае, што было ў гісторыі беларускага тэлебачання і не дадаем нічога новага і свежага. Кланяемся расійскай папсе, дурацкім дэтэктывам, прывазным сумніўным тэлепрадуктам.
У нашы часы былі і тэлеоперы, і тэлеспектаклі, і тэлефільмы, і тэлесерыялы, звязаныя не толькі з мастацтвам, але і з гісторыяй, з прапагандай нейкіх маральных каштоўнасцяў, прапагандай нашай літаратуры, нашага мастацтва. Я ўзгадваю тыя часы з настальгіяй і з вялікім шкадаваннем думаю пра тое, што тыя традыцыі, на якія мы паклалі свае здольнасці і сваё жыццё, якія трэба было б развіваць, яны не толькі не развіваюцца, а забытыя, закінутыя як непатрэбшчына.
Еўрарадыё: Ці глядзіце вы сёння БТ, ці ёсць у вас любімыя перадачы?
Генадзь Бураўкін: Я вельмі мала гляджу беларускае тэлебачанне. Мае самыя любімыя перадачы – спартыўныя. Калі праходзяць футбольныя, хакейныя, гандбольныя матчы, я, перажываючы за нашу краіну, за землякоў, заўсёды заўзею.
Еўрарадыё: Нядаўна змяніўся кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Ці вы як прафесіянал адчулі ўжо нейкую розніцу, ці стала беларускае тэлебачанне іншым?
Генадзь Бураўкін: Я вельмі спадзяюся на гэта. Бо Зімоўскі быў такой асобай, што да сумленнай ідэалогіі, да сумленнага тэлебачання падпускаць нельга. А наконт Генадзя Браніслававіча Давыдзькі, які прыйшоў кіраваць, я хачу спадзявацца, што ён як былы акцёр Купалаўскага тэатра, як прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі, урэшце як беларус, зразумее, што ўсё гэта трэба не толькі несці ў сабе, а выяўляць праз тую працу, якой ён займаецца. Пакуль што, на жаль, вялікіх зрухаў я не бачу.
Еўрарадыё: На вашую думку, чаму нават у нашых бліжэйшых суседзяў – у Расіі і Украіне - больш якасныя тэлеканалы?
Генадзь Бураўкін: Я гляджу некаторыя ўкраінскія і расейскія каналы, яны сапраўды больш якасныя. Мне найбольш падабаюцца украінскія. Справа ў тым, што там элементарна больш свабоды, разняволенасці, увагі да нацыянальнага. Я толькі з гэтым звязваю.