Бясплатная медыцына: Усе мамографы ў раёне зламаліся

Бясплатная медыцына: Усе мамографы ў раёне зламаліся

Аўторкавы тэлесюжэт пра медыцынскую выставу ў Беларусі: нам паказваюць новенькі мамограф беларускай вытворчасці, карэспандэнт за кадрам кажа, што такую працэдуру трэба праходзіць кожнай жанчыне раз на год. У якасці прафілактыкі.

Генеральны дырэктар кампаніі па выпуску медыцынскага рэнтгенадыягнастычнага абсталявання Уладзімір Лінёў заўважае: такія мамографы ўсталяваныя ў 650 клініках Беларусі!

У Беларусі 118 раёнаў. У кожным раёне павінна быць як мінімум пяць такіх мамографаў. Хай два-тры мамографы, з папраўкай, што ў буйных гарадах некалькі паліклінік і медцэнтраў. Прайсці абследаванне — раз плюнуць! Я вырашыла запісацца на абследаванне.

 

Бясплатная медыцына: Усе мамографы ў раёне зламаліся

У ЛАДЭ чарга на лістапад. У кастрычніку усё занятае.

"Але мы можам запісаць вас у ліст чакання. Ліст чакання ідзе першым на чарзе. А потым усе астатнія", — прапануюць тут. У лісце чакання на 21 кастрычніка ўжо 60 чалавек. Абследаванне каштуе каля 230 000 рублёў.

У Гомелі просяць патэлефанаваць у канцы наступнага месяца — тут апарат зламаны.

А што, ён не новы ў вас? — цікаўлюся. У мяне ў галаве стукае лічба "650 мамографаў у медцэнтрах у Беларусі".

Новы. Але вялікая нагрузка была. Праз тое, што ўсе мамографы ў раёне зламаліся, ён таксама зламаўся. Пару дзён ужо не працуе. У Гомелі не працуе, у Брагіне, па-мойму, таксама не працуе. Вось такая, дзяўчына, сумная сітуацыя. У канцы лістапада тэлефануйце. Цана абследавання — ад 80 000 рублёў.

У анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах дакладна павінен быць апарат, які працуе. Рэгістратар радуе: нікуды запісвацца не трэба, прыём ідзе па жывой чарзе.

"Чарга ў нас жывая, з вас накіраванне ад доктара і дыск. Даследаванне каштуе 320 000 рублёў. Прыязджаеце і ідзяце ў кабінет платных паслуг для грамадзян РБ. Ён працуе з 8.00 да 10.00. Да 10.00 пажадана аплата, а потым будзе прыём".

Прыём, як высвятляецца, доўжыцца ўсяго дзве гадзіны ў дзень. Але дзяўчына зноў нагадвае: “Спачатку трэба на аплату. А потым ужо на абследаванне”.

Цікаўлюся, ці паспею я прайсці абследаванне дзень у дзень.

— Так, звычайна праходзяць усе. Але да дзесяці раніцы трэба аплаціць!

Цуды бясплатнай медыцыны: тройчы мне трэба было паўтарыць пра грошы, калі я раптам з першага разу не запомніла.

Наўскідку тэлефаную ў родны Лунінецкі раён (Брэсцкая вобласць) тут працэдура... бясплатная! Запісвацца, праўда, трэба загадзя.

А вось у Ганцавічах мамографаў няма. Трэба ехаць у Баранавічы, там можна запісацца на прыём праз некалькі дзён.

Абзвоньваю з дзясятак медыцынскіх цэнтраў, у усноўным дзяржаўныя паліклінікі. У Мінску ўсё залежыць ад цаны: калі гатовыя заплаціць за працэдуру каля паўмільёна, можаце хоць цяпер, калі не больш за 150 000 рублёў — запішуць толькі праз тыдзень. У рэгіёнах сітуацыя горшая: дзесьці мамаграфію могуць зрабіць праз два тыдні, у іншых месцах — і праз месяц.

Яшчэ адзін момант: кожная паліклініка сама вырашае, з якога ўзросту лепш праходзіць прафілактычнае абследаванне. У адной кажуць, з 35 гадоў, у іншай раяць патэлефанаваць, калі споўніцца сорак, а ў пятай мяне чакаюць толькі пасля 50 гадоў.

"Калі вам няма 35, навошта вам праходзіць гэта небяспечнае абследаванне?" — пытаюцца ў рэгістратуры 26-й паліклінікі. Для даведкі: медыкі рэкамендуюць праходзіць гэтае абследаванне пасля 40-45 гадоў для прафілактыкі.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі