Былога беларускага вайскоўца Паўла Кучынскага асудзілі на 19 гадоў зняволення
Павел Кучынскі
Былога беларускага вайскоўца Паўла Кучынскага асудзілі на 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле сямі крымінальных артыкулаў. Сярод іх — "здрада дзяржаве", "акт тэрарызму" і "стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй", паведамляюць праваабаронцы.
Справу з кастрычніка 2023-га разглядаў Мінскі абласны суд (суддзя — Аляксандр Рыбакоў). Прысуд быў агучаны яшчэ 15 снежня, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
Кучынскага затрымалі ў 2022 годзе. Летась арганізацыя сілавікоў Беларусі BYPOL пісала, што Паўла Кучынскага пад катаваннямі прымусілі ўдзельнічаць у правакацыі супраць іх.
Кучынскаму 31 год, ён — жыхар Мінска. У пачатку верасня 2022-га ў "Белгазпрамбанку" былі затрыманы як мінімум дзесяць інкасатараў. Сярод іх быў і Павел Кучынскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.