Былога рэктара Інстытута культуры асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі

Былы рэктар Інстытута культуры Беларусі Канстанцін Рэмішэўскі асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне па яго справе яшчэ 13 лютага, але пра гэта стала вядома толькі сёння.

Як інфармуе "Ежедневник", суд прызнаў Рэмішэўскага вінаватым у тым, што ён, як службовая асоба, прымаў для сябе матэрыяльныя каштоўнасці за станоўчае вырашэнне пытання, які ўваходзіў у яго кампетэнцыю. Абвінавачанага асудзілі на два гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права замаць пэўныя пасады на тры гады.

Былога рэктара прызналі вінаватым і ў замаху на паўторнае прыняццё для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, "здзейсненае шляхам вымагальніцтва, у буйным памеры". За гэта яго асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на пяць гадоў.

Таксама Канстанціна Рэмішэўскага прызналі вінаватым "у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія прадастаўляліся выключна ў сувязі з службовым становішчам, якое ён займаў". За гэта яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на 5 гадоў.

У выніку, "па сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім" былы рэктар Інстытута культуры быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі, з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Пакаранне Рэмішэўскі мусіць адбываць у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы.

Нагадаем, Канстанціну Рэмішэўскаму 51 год. Ён — ураджэнец Мінска. Прайшоў шлях ад аператара-пастаноўшчыка мастацкіх фільмаў на кінастудыі "Беларусьфільм" да рэктара Інстытута культуры (на гэтую пасаду яго прызначылі ў верасні 2013-га). Пра затрыманне Рэмішэўскага стала вядома ў пачатку чэрвеня мінулага года. Спачатку паведамлялася, што ён атрымаў хабар у памеры 2000 долараў. Пазней стала вядома пра атрыманы ім тэлевізар "LG", які каштуе каля 4 млн рублёў. Агулам следчыя знайшлі дадзеныя пра чатыры такія выпадкі.

Фота: kimpress.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі