Былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка ўладкаваўся на працу ў Банк развіцця
Былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка цяпер працуе ў Банку развіцця, піша TUT.by. 60-гадовага сілавіка ўзялі на пасаду начальніка ўпраўлення бяспекі і абароны інфармацыі гэтай установы, па запрашэнні Сяргея Румаса.
Сухарэнка ачольваў КДБ усяго два гады — у 2005-2007 гадах. Ён запомніўся беларусам аперацыяй “пацук” — заявіў, нібыта ў дзень выбараў у 2006 годзе апаненты Аляксандра Лукашэнкі планавалі з дапамогай дохлых пацукоў атруціць вадаправод.
У 2008-2015 Сухарэнка быў паслом Беларусі ў Арменіі. Пра новую працу ён кажа наступнае: “Значыць, застаўся яшчэ нерастрачаны патэнцыял, таму і працую. У банк прыйшоў у лютым мінулага года, можна сказаць, выпадкова. Гэта не быў мэтавы прыход. Адразу думаў: усё, трэба супакоіцца, але такім, як я, спакой толькі сніцца”.
Дарэчы, яшчэ адзін былы кіраўнік КДБ, Вадзім Зайцаў, цяпер ачольвае кампанію “Космас ТВ”.