Цела памерлага беларускага дальнабойніка вязуць на даху "Toyota Sienna"
Цела памерлага беларускага дальнабойніка Андрэя Разумовіча, які памёр 26 сакавіка ў чарзе на мяжы Казахстана і Туркменістана, вязуць у труне на даху "Toyota Sienna". З Казахстана яго дастаўляюць у бок расійскай Самары. Аўтамабіль суправаджаюць паліцэйскія, паведамляе mediazona.ca.
Разумовіч не дажыў чатыры дні да свайго 50-годдзя. Ён вёз груз у Туркменістан, але гэтая краіна з-за каранавіруса закрыла сваю мяжу. І каля сотні грузавікоў з Беларусі і Расіі не паспелі яе пераехаць.
Вынікаў судмедэкспертызы яшчэ няма. У паліцыі заявілі, што "факт крымінальнай смерці не ўстаноўлены".
Пункт пропуску "Тэмір-баба", на якім здарылася трагедыя, знаходзіцца ў пустыні. Там няма мабільнай сувязі і інтэрнэту. Іншы беларускі дальнабойнік кажа, што чуў: калега гуляў у футбол і яму стала кепска. "Проста пайшоў да машыны пасядзець, а раніцай пачалі стукаць — не адказвае", — распавядае ён.
Андрэй Разумовіч з Жодзіна. Ад казахстанска-туркменістанскай мяжы да яго роднага горада 3,5 тысячы кіламетраў. Перавозкай труны займаецца страхавая кампанія. Праверка на каранавірус дала адмоўны вынік.
"Ну памёр чалавек і памёр, — цытуе словы беларускага консула Ігара Іванова mediazona.ca. — Па натуральных прычынах. Не валодаем ніякай іншай інфармацыяй, да пабачэння".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.