Цэнтравыбаркам разглядзіць "справу Някляева" 14 кастрычніка

Ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Ўладзіміра Някляева можа быць вынесена папярэджанне. Як паведаміў БелаПАНу сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, на паседжанні 14 кастрычніка ЦВК плануе разгледзець пытанне пра дзейнасць ініцыятыўнай групы Някляева. Па словах Лазавіка, практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі ідуць звароты ад грамадзян, якія знаходзяць у сваіх паштовых скрынях друкаваную прадукцыю пра Някляева, вырабленую за мяжой.

Ён нагадаў, што агітацыя ў перыяд збору подпісаў забароненая. Чыноўнік лічыць, што парушэнне заканадаўства ініцыятыўнай групай Някляева відавочнае. За заўчасную агітацыю ініцыятыўная група можа атрымаць папярэджанне, а ў выпадку паўторнага парушэння заканадаўства — яе рэгістрацыю могуць адмяніць.

Па словах Лазавіка, скаргі на дзейнасць іншых ініцыятыўных груп у Цэнтравыбаркам не паступалі.

Сам Някляеў заявіў, што яго ініцыятыўная група заўчасную агітацыю не вядзе. Палітык выказаў меркаванне, што адбываецца правакацыя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі