Чаканні, што Макей пяройдзе на іншы бок, былі наіўныя — экс-супрацоўнік МЗС
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей / Еўрарадыё
Чакаць ад міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, што ён падтрымае пратэст і абурэнне з нагоды гвалту ў жніўні 2020 года, было наіўна. Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" выказаў былы супрацоўнік МЗС Павел Слюнькін. Год таму ён звольніўся з пасады першага сакратара ўпраўлення Еўропы.
"Мне здаецца, што Макей — чалавек сапраўды больш ліберальных і дэмакратычных поглядаў, чым большасць людзей у сістэме, асабліва яго ўзроўню. Але пры гэтым ён вайсковец. Для яго дысцыпліна і парадак значаць больш за яго асабістыя перакананні", — кажа Павел Слюнькін.
На яго думку, свой выбар Уладзімір Макей зрабіў даўно. І паміж асабістымі перакананнямі і мэтазгоднасцю для сістэмы ён заўсёды выбірае другое.
"Я думаю, ён разважае наступным чынам: "Я працую на дзяржаву, а каб яна эфектыўна функцыянавала, нашмат больш патрэбныя дысцыпліна і парадак, чым нейкія публічныя асабістыя перакананні чыноўнікаў", — кажа былы дыпламат.
Пры гэтым Слюнькін мяркуе, што значна камфортней Макею было ў тыя гады, калі Беларусь наладжвала адносіны з заходнімі краінамі. Але заўсёды, калі сітуацыя мянялася, Макей заставаўся адданы сістэме. І гэта адбываецца не ў першы раз.
"Ужо пасля 19 снежня 2010 года ён заняў даволі выразна праўладную пазіцыю — хоць і тады яго лічылі найбольш празаходнім беларускім чыноўнікам, асабліва на фоне лібералізацыі 2008-2010 гадоў", — нагадвае Павел Слюнькін.
Дыпламат таксама распавёў пра атмасферу, якая панавала ў беларускім МЗС у жніўні мінулага года.
"Атмасфера ў міністэрстве была неверагодная, можа, гэта былі самыя шчаслівыя дні на маёй працы, людзі не хавалі сябе", — успамінае ён.
17 жніўня 2020 года начальнік гісторыка-архіўнага аддзялення міністэрства Вячаслаў Казачонак выйшаў на ганак з белым лістом паперы. Яго падтрымала яшчэ адна калега — намеснік начальніка ўпраўлення еўразійскай інтэграцыі Алена Капанева. Былі і іншыя, хто быў амаль гатовы выйсці, "але была такая ўнутраная дамоўленасць, што выйдзем, калі збярэцца хаця б 20 чалавек. Тады гэта б выглядала больш пераканаўча і калегіяльна. Але тады проста на хапіла часу, каб сабраць неабходную колькасць людзей".
У той жа дзень Уладзімір Макей сабраў калектыў міністэрства і сказаў, што супрацоўнікі могуць выказваць свае думкі, але папрасіў не рабіць з гэтага палітычнага шоу.
"Маўляў, рабіце гэта праз свае сацыяльныя сеткі, але "калі разумееце, што не можаце больш працаваць, зрабіце "па-мужчынску". У выніку людзей потым звальнялі нават за лайкі", — распавядае Павел Слюнькін.
Паводле яго дадзеных, большасць з тых, хто публічна выказаўся, звольнілі на працягу месяца. Потым звальнялі тых, хто ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. А цяпер надышла чарга людзей, якія ўзначальвалі выбарчыя камісіі ў амбасадах, дзе сумленна палічылі галасы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.