Чаму каты часам нападаюць на сваіх гаспадароў? Тлумачыць эксперт

Коця бывае кусачы

Коця бывае кусачы / @rubanau_collage

На мінулым тыдні сям'я паэта Сяргея Сыса сутыкнулася з агрэсіяй хатняга гадаванца. Іх кот Тыль раптам напаў на жонку паэта і сур'ёзна яе падрапаў, праз што ёй спатрэбілася шпіталізацыя і накладанне швоў. Прычыны агрэсіі жывёліны Сыс не патлумачыў.

Выпадкі нападаў хатніх жывёл на гаспадароў нярэдкія. І хоць афіцыйная статыстыка ў Беларусі па гэтым пытанні не вядзецца, у СМІ перыядычна прасочваюцца такія выпадкі.

Але чаму хатнія каты раптам нападаюць на сваіх гаспадароў? Ці можна гэта прадухіліць? І ці бывае ў катоў і сабак посттраўматычны стрэсавы сіндром? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказаў эксперт па паводзінах жывёл, які захацеў застацца ананімным.

 

Прычыны раптоўнай агрэсіі

Напад хатняга ката можа справакаваць што заўгодна: стрэс, хвароба, агрэсія ў яго бок. Многія часта думаюць, што рэч у шаленстве, але знайсці і заразіцца вірусам у гарадскіх умовах даволі праблематычна.

У адрозненне ад сабак, каты могуць нападаць раптоўна, без папярэджання і вельмі ярасна. Гэта звязана з іх нервовай сістэмай і асаблівасцямі фізіялогіі. Каты — эвалюцыйна дробныя драпежнікі, якія палююць з засады. І каб заставацца паспяховымі паляўнічымі, ім трэба цярпліва сядзець, чакаць — і імгненна рэагаваць, каб схапіць здабычу.

Почему кошки иногда нападают на своих хозяев? Объясняет эксперт
Агрэсію ката можна растлумачыць / cvets.net

Першая рэакцыя на небяспеку ў катоў — уцячы, другая — замерці. І трэцяя, калі першыя два варыянты не далі эфекту, — напасці. Часта бывае, што каты бачаць у гаспадарах ці іншых людзях пагрозу свайму жыццю і бяспецы.

У літаратуры апісаныя дзевяць прычын, калі каты могуць праяўляць агрэсію.

Першая — стан здароўя. Кот можа стаць агрэсіўным праз пухліны ці збоі ў арганізме. Яны спрыяюць выпрацоўцы гармонаў, што ўзмацняюць агрэсіўнасць жывёл.

Другая — боль. Хранічны артрыт, захворванні страўнікава-кішачнага тракту, траўмы. Усё гэта выклікае хранічны стрэс, а ён робіць жывёл больш раздражняльнымі, рэактыўнымі і, адпаведна, больш агрэсіўнымі.

Па-трэцяе, калі кот з узростам слепне, то горш адсочвае сітуацыю вакол сябе, многія руцінныя рэчы яго палохаюць. Каты ад такога стрэсу рэзка заводзяцца.

Почему кошки иногда нападают на своих хозяев? Объясняет эксперт
Гадаванца можна адвучыць ад празмернай агрэсіі / heartandpaw.com

Можна змяніць асяроддзе, у якім жыве кот, каб у яго не было магчымасці і лішняй нагоды праяўляць агрэсію. Напрыклад, калі кот напаў на гаспадара, што праходзіў міма месца, дзе кот адпачывае, то можна прапанаваць яму зручнейшае месца для адпачынку дзе-небудзь вышэй, далей, каб чалавек, праходзячы сваім звычайным маршрутам, не палохаў ці не раздражняў жывёліну. Калі кот вас кусае таму, што вы яго задоўга гладзіце, або падчас вычэсвання поўсці, то яго можна прывучыць да працэдуры з дапамогай дрэсіроўкі.

 

Ці можна цалкам засцерагчыся ад магчымасці нападу з боку гадаванца? 

Цалкам засцерагчыся не атрымаецца. Бо ў жывёл такая ж пластычная псіхіка, што і ў чалавека, якая змяняецца ў канкрэтнай абстаноўцы. У вас можа быць цудоўнае ласкавае кацяня, якое ў нейкі момант, напрыклад, захварэе і праз гэта стане раздражняльным, нервовым, агрэсіўным.

Калі гаспадар пісьменна абярэ для гадаванца месца адпачынку, забяспечыць яго ўсімі неабходнымі рэсурсамі для добрага жыцця, канфлікты з жывёлінай звядуцца да мінімуму. 

Зноў жа, калі вы прачытаеце хаця б пару добрых кніг (напрыклад, Feline Behavior Guidelines from the American Association of Feline Practitioners. 2004; Bateson, pp. 159-77. Cambridge: Cambridge University Press. — Euroradio) пра паводзіны катоў, то зможаце разумець, у якім стане жывёліна. І многія канфлікты здасца купіраваць, не даводзіць іх да нападу.

 

Сёння нікога не здзівіш ператрусамі, пераездамі, ваеннымі дзеяннямі. Як жывёлы пераносяць гэты стрэс? Ці існуе ў іх сіндром посттраўматычнага стрэсавага разладу (далей — ПТСР), як у чалавека?

Пра ПТСР у жывёл вядома не вельмі шмат. Вядома, што ён ёсць, але невядома, што з ім рабіць. У гэтым і праблема.

Калі да кагосьці прыйдуць з ператрусам, гаспадар будзе нервавацца, кот, адпаведна, таксама пачне перажываць. Плюс староннія людзі, незразумела хто ўломваецца ў кватэру, незразумела як сябе паводзіць. Усё гэта — моцны стрэс. Многія каты адыходзяць ад яго даволі хутка — яны ўсё ж не вельмі далікатныя істоты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі