Каб не павышаць кошты на малако, яго пачалі разліваць у меншую тару

У краме заўважаю дзіўную рэч: фасоўка малака чамусьці розная. То 900 мілілітраў, то 950, то 930. Зрэдку малако наліваюць у літровую тару. Напрыклад, 70 мілілітраў - гэта некалькі порцый ранішняй кавы з малаком, каму як падабаецца, ці нават паўнавартасны амлет.

"Даўно ўжо не фасуецца малако ў літры, зрэдку так робяць малаказаводы", — прызнаецца прадаўшчыца, што працірае паддон з-пад малака ў краме. Сама жанчына мяркуе, што так маскіруюць рост коштаў на малочную прадукцыю: з 1 сакавіка яна падаражэла на 5%!

Вось малако "адборнае" Барысаўскага малаказавода "Здравушка-мілк". Пытаюся на прадпрыемстве, чаму прадукцыя выпускаецца ў бутэльках па 930 мілілітраў, а не ў літровых. З прыёмнай накіроўваюць на гарачую лінію прадпрыемства. Там губляюцца і патлумачыць таксама не могуць.

"Такія былі даследаванні. Мы высветлілі, што і іншыя вытворцы льюць не літр, а, да прыкладу, 930 мілілітраў. Таму і мы першапачаткова вырашылі браць такі аб'ём".

Наліваю гэта малако ў мерную шклянку, каб вызначыць, колькі ж на самой справе наліваюць вытворцы. Бяру шклянку з аб'ёмам 930 мілілітраў, а атрымліваецца… 980 мілілітраў. А як жа "вызначаны аб'ем", "маркетынгавыя даследаванні"… Але добра, што малака больш!

Свае тлумачэнні і ў тэхнолагаў прадпрыемства "Данонбел" — яны льюць малако пад маркай "Прастаквашына". Але тут малако наліваюць па 900 мілілітраў, смятану — у 180-грамовыя пачкі.

"Пакупнікам зручней купляць прадукцыю ў 900 мілілітрах ці нават у 950. Таму мы робім такую ўпакоўку. Ёсць, канечне, малаказаводы, што "гуляюцца" з упакоўкай у залежнасці ад коштаў, але ў нас так даўно было. У нас так робіць апарат, што малако разлівае", — ківаюць на апарат.

Яшчэ адна версія ад магілёўскай "Бабушкінай крынкі":  спачатку выпускалася ў аб'ёме літр,  а зараз 900 мілілітраў. "Дзе малако?" — пытаюся на магілёўскім прадпрыемстве.

"Мы падумалі, што так будзе шчыра ў адносінах да нашых пакупнікоў. Кошты  ж растуць, і для іх гэта будзе не так заўважна псіхалагічна. Алей таксама ж сталі ліць у 900 мілілітраў, а не літр!  Але ж мы вылічваем кошт малака за 900 мілілітраў", — прызнаюцца на прадпрыемстве "Бабушкіна крынка".

Прадпрыемства мае рацыю, бо, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, кошт літра малака за апошнія тры гады вырас на 97%, а смятаны — на 86%!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі