Чаму на баранавіцкім прадпрыемстве ў прэм’ера мерзлі рукі?

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч з’ездзіў на ААТ “Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне”, каб паназіраць за ходам мадэрнізацыі. Мадэрнізацыя разлічаная да 2015 года, але яе плануюць завяршыць ужо ў гэтым.

Па словах прэм’ера, пасля мадэрнізацыі тут пераплюнуць рэкорд 1975 года, калі было выпушчана 88 мільёнаў квадратных метраў тканіны — гэта добрая навіна. Але ёсць не вельмі добрая — да 2016 года колькасць працаўнікоў будзе зніжаная ў 3,5 разы. Цяпер на прадпрыемстве працуе каля 2,6 тысячы чалавек. Атрымліваецца, трэба звольніць амаль 1,8 тысяч? Дзе ж працаўладкуюцца гэтыя людзі?

“Пенсіянераў вельмі многа. Кантракты заканчваюцца, і пенсіянеры сыходзяць. У нас людзі не акажуцца на вуліцы — адбудуцца перамяшчэнні. Прадзільная фабрыка скараціцца, але людзі пяройдуць на іншую вытворчасць. Цяпер працуе каля 2,6 тысячы чалавек”, — кажуць у аддзеле кадраў прадпрыемства. Тут якраз патрабуюцца слесары-наладчыкі з заробкам у 2,9 мільёна рублёў.

Па звестках Еўрарадыё, на 1 красавіка на прадпрыемстве працавала каля 2,7 тысячы чалавек (то бок сотню ўжо скарацілі), каля тысячы супрацоўнікаў ва ўзросце ад 50 гадоў. Няхай яны пойдуць на пенсію, але застаецца яшчэ амаль 800!

У Баранавічах працаваць асабліва няма дзе. Па дадзеных Міністэрства працы і сацабароны, за тры тыдні ў Баранавічах знаходзім 644 вакансіі. Максімальны заробак — 7 мільёнаў рублёў для слесара з вышэйшай адукацыяй.

Еўрарадыё датэлефанавалася да работніцы прадпрыемства і пацікавілася, ці не звальняюць масава людзей.

“У нас на аб’яднанні многа пенсіянераў, ім не працягваюць кантракт. А іншым прапаноўваюць працу ў іншых цэхах. У нас ёсць жанчына, якой ужо 60, яна і сама хоча пайсці на пенсію, бо стамілася. Канечне, думаю, прадпрыемства на вуліцы не пакіне людзей”. Па словах работніцы, сярэдні заробак — каля 4,6 мільёна.

На фатаграфіях урадавага візіту заўважаем, што прэм'ер-міністр і яго акружэнне хаваюць рукі ў кішэнях: бачна, што ім холадна. А на адной з работніц швэдар, халат і целагрэйка. На прадпрыемстве кажуць, што тэмпература ў многіх цэхах “нармальная, 16-18 градусаў”.

Да таго ж, да нядаўняга часу тут працавала абсталяванне 1964—1965 гадоў выпуску! Гаворка ідзе пра часальна-вязальныя апараты ды ткацкія станкі. Жанчына смяецца, але прызнаецца, што гэтыя станкі працуюць добра.

“Такі дурдом на прадпрыемстве! Я з вамі згодная, мадэрнізацыя ідзе, то добра, то дрэнна нешта робяць, прыбіраюць адно абсталяванне, іншае ставяць. Уявіце, як дома — адну мэблю ставяць, іншую прыбіраюць, такі вэрхал. Бывае, і цяжка працаваць, — прызнаецца жанчына. —  Але пакуль я не заўважыла, што нешта змянілася”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі