Чаму ў Беларусі знік прэпарат, які прымаюць хворыя на гепатыт?
З беларускіх аптэк раптоўна зніклі таблеткі "Вірэад", якія прапісваюць хворым на гепатыт ды іншыя інфекцыйныя захворванні. Выпускаюць гэты прэпарат у ЗША.
Павел, якому лекары прапісалі гэты прэпарат, быў вымушаны ехаць за таблеткамі ў Маскву. Бо піць іх трэба кожны дзень.
"Вельмі непажадана прапускаць прыём лекаў. Калі ў аптэцы даведваешся, што ў Беларусі іх проста няма, гэта крыху шакуе. Я вырашыў узяць рэцэпт і паехаць за імі ў Маскву. Там з імі праблем няма, адразу знайшліся".
Прэпарат пакуль проста не пастаўляюць у Беларусь, так апісваюць праблему ў Міністэрстве аховы здароўя. І раяць кансультавацца з лекарамі, можа, нешта падкажуць.
"Ён быў зарэгістраваны ў сярэдзіне мінулага года. Пастаўляўся адным пастаўшчыком. Цяпер у іх нейкія перабоі, але ён будзе пастаўляцца. Можна звярнуцца да лекара, каб ён, можа, скарэктаваў лячэнне. У нас хутчэй яго раскупілі, можа, мала замовілі", — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінздароўя.
У лекараў Мінскай інфекцыйнай лякарні даведваемся, што замяняць "Вірэад" іншымі лекамі не варта. Лепей набыць прэпарат у суседніх краінах, ва Украіне і Расіі яго яшчэ можна знайсці.
"З іншага прэпарата на гэты можна пераходзіць, а вось з яго ўжо не пераходзяць", — каротка адказваюць у лякарні.
Пастаўшчыкі чакаюць свежую партыю прэпарата толькі ў пачатку жніўня. А перабоі звязаныя са "збоем у інфармацыйнай сістэме вытворцы".
"Сёння пастаўшчыкі выйшлі на сувязь. Мы размяшчалі замову на чэрвень. Такая сітуацыя на многіх рынках СНД. Вытворца патлумачыў, што гэта ў іх збой у інфармацыйнай сістэме па ўліку і планаванню заказаў".
Амаль на месяц з беларускіх аптэк знікаў таксама прэпарат "Санат" — снатворнае. Яго робяць ва Украіне. Але прадаваліся некалькі аналагаў ад беларускіх ды замежных вытворцаў. Цяпер ён з'явіўся ў некалькіх аптэках.