Чаму Януковіч у сваім выступе амаль не згадаў пра Крым?

Замест меркаванай прэс-канферэнцыі Віктар Януковіч у расійскім Растове-на-Доне зачытаў заяву, пасля чаго пад разгубленыя позіркі журналістаў, якім не дазволілі задаваць пытанні, пакінуў залу.

Засталося незразумелым, чаму экс-прэзідэнт на працягу амаль сяміхвіліннага выступу толькі бегла згадаў пра Крым, які з’яўляецца цяпер самай нестабільнай кропкай на ўкраінскай мапе. Разважае палітолаг Юрый Шаўцоў:

“Магу толькі меркаваць, што з юрыдычнага пункту гледжання на рэферэндум вынесены два пытанні, адно з якіх аб адабрэнні рашэння аб уступленні Крыма ў склад Расіі. Другое аб форме дзяржаўнасці Крыма ў складзе Украіны. А палітычная логіка такая, што спыніць адабрэнне рашэння на карысць уступлення ў Расію, здаецца, нішто не можа”.

Палітолаг і журналіст Аляксандр Класкоўкі лічыць, што на сёння Януковіч ужо фактычна не з’яўляецца самастойнай фігурай. І цяпер яго паказалі, хутчэй, каб абвергнуць чуткі, што ён нібыта памёр. Але пры ўсёй сваёй “несамастойнасці” Віктар Януковіч вырашыў не кранаць выбухова небяспечную крымскую тэму, каб цалкам сябе не дыскрэдытаваць.

Аляксандр Класкоўскі: “Зразумела, што цяпер гэта чалавек, які страціў уладу, страціў усё, страціў нейкі маральны капітал, з’яўляецца проста інструментам у руках Расіі. Але пры ўсім тым, я думаю, ён стараецца не рабіць такія заявы, якія б адназначна сведчылі, што ён цалкам ёсць інструментам у руках Пуціна”.

Дык чаму Януковіч маўчыць пра Крым? Адказвае ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка:

“Бо яго сцэнарыстам зараз няма чаго сказаць пра Крым ад імя Януковіча. Калі трэба будзе нешта сказаць наконт Крыма, ён гэта зробіць. Ён выкарыстоўваецца толькі як інструмент крымскага сцэнара і як элемент прапагандысцкай вайны”.

Між іншым былы прэзідэнт Украіны выказаў упэўненасць, што хутка вернецца ў Кіеў, “як толькі дазволяць абставіны”. А Уладзімір Фясенка кажа, што вяртанне можа быць, хіба што, на лаву падсудных.

Тым часам вось якую думку выказвае Юрый Шаўцоў:

“Ён, зразумела, азіраецца на паводзіны краіны, якая яго прыняла. Я б разглядаў гэта як тлумачэнне нейкіх мэтаў Расіі ў цяперашнім канфлікце. Ён мяркуе, што вынікам цяперашняга канфлікту паміж людзьмі, якія прыйшлі да ўлады ў Кіеве, і Расіяй, можа стаць узнаўленне таго легітымнага механізму, пры якім ён быў прэзідэнтам”.

А Аляксандр Класкоўскі называе такі варыянт “фантастычным”, бо нават Пуцін з Мядзведзевым ужо прызналі, што Януковіч — адгуляная фігура.

А яшчэ эксперт тлумачыць заявы аб намерах скардзіцца на амерыканскі ўрад, які хоча выдзеліць новаму ўкраінскаму рэжыму мільярд долараў, што, на думку Віктара Януковіча, супярэчыць нават амерыканскім законам.

Аляксандр Класкоўскі: “Наконт законнасці, гэта, так бы мовіць, фішка ўсіх недэмакратычных увогуле кіраўнікоў, недэмакратычных рэжымаў, што яны маскіруюцца за нейкую легітымнасць”.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі