Міні-серыял "Чарнобыль" атрымаў дзесяць статуэтак "Эмі"
У нядзелю, 22 верасня, у Лос-Анджэлесе прайшла 71-я цырымонія ўручэння тэлевізійнай прэміі "Эмі".
Тэлевізійны міні-серыял "Чарнобыль", створаны амерыканскім тэлеканалам HBO і брытанскай тэлесеткай Sky, атрымаў адразу дзесяць статуэтак у намінацыі "міні-серыял", у тым ліку галоўны прыз у намінацыі. Статуэткамі адзначаныя шведскі кінематаграфіст Юхан Рэнк — за "выдатную рэжысуру" — і амерыканец Крэйг Мейзін — за "выбітны сцэнар".
Найлепшым драматычным серыялам года журы назвала заключны сезон серыяла "Гульня тронаў". Гэтае званне серыял атрымаў ужо чацвёрты раз. Таксама чацвёртай узнагародай за найлепшую мужчынскую ролю другога плана ў драматычным серыяле быў адзначаны Пітэр Дзінклэйдж — выканаўца ролі Тырыяна Ланістара (ён ужо атрымліваў такую ўзнагароду ў 2011, 2015 і 2018 гадах).
Журы адзначыла таксама брытанскі камедыйны тэлесерыял "Дрэнь". Дзве прэміі атрымала Фібі Уолер-Брыдж — як сцэнарыстка і выканаўца галоўнай ролі, а таксама быў уганараваны рэжысёр Хары Брадбер.
Серыял "Дзіўная місіс Мейзел" быў узнагароджаны статуэткай "Эмі" за выкананне камедыйнай мужчынскай ролі другога плана (Тоні Шэлуб) і выкананне камедыйнай жаночай ролі другога плана (Алекс Барштэйн). Серыял "Бары" — за галоўную камедыйную мужчынскую ролю (Біл Хейдэр).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.