Частка дзесятая. Талоны на прадукты і чорны рынак

Амарыліс і Фернарыс запрасілі нас да сябе ў госці. Жывуць яны на самым ўскрайку Гаваны, таму ехаць давялося перакладнымі ад звычайнай таксоўкі і камфартабельнага аўтобуса да пераробленага пад грамадскі транспарт грузавіка з выразанымі дзіркамі замест вокнаў.

Пакуль Амарыліс гатавала рыс з бабамі, Фернарыс кудысьці збегаў і прынёс курынага мяса.

- Гэта з чорнага рынку, - тлумачыць ён.

Ужо 46 год на Кубе дзейнічае сістэма талонаў на прадукты і не толькі. Да прыкладу, у месяц па талонах дазваляецца купіць 3 кг рысу на чалавека – па 50 санцімаў за кілаграм. Усё, што звыш талоннай нормы, - ад 3,5 і больш песа за кілаграм.

- Для вас, еўрапейцаў, 3 кг рысу на месяц, можа, і замнога, - гаворыць Амарыліс. – Але ж мы акрамя яго амаль нічога не ямо.


Яшчэ па талонах можна купіць паўкіло курыцы ў месяц, каля 300 грамаў бабоў, 2 кг цукру. У спісе ёсць і паўкілаграмы рыбы. Але яе звычайна не бывае (каб людзі не ўцяклі, лодку купіць амаль немагчыма, вось і рыбы на востраве не шмат), таму рыбу замяняюць зноў жа курыцай. Можна яшчэ набыць каля 100 грамаў кавы, 250 мілілітраў алею, штосьці падобнае да масла, памідоры, вяндліну.







Па талонах на Кубе купляюць не толькі прадукты. Гэта таксама адзін цюбік зубной пасты на сям’ю. Калі членаў сям’і больш за 4 чалавекі (ня важна – 5 ці 15), яны могуць купіць толькі 2 цюбікі пасты па талонах. На чорным рынку яна каштуе па 10 песа за цюбік.

У талонных спісах таксама 2 маленькіх кавалачкі мыла на сям’ю. Адзін – для цела, другі – для мыцця бялізны. Але, па словах Амарыліс, мыла такое смярдзючае, што карыстацца ім проста немагчыма.

Тое, што можна купіць па талонах, заканчваецца за тыдзень. Астатнюю частку месяца даводзіцца жыць за кошт чорнага рынку. А ён на Кубе проста квітнее. І купіць там можна ўсё.


Афіцыйна на Кубе 4% беспрацоўных. Аднак першае, што мне кінулася ў вочы, калі я патрапіла на выспу Свабоды, гэта натоўпы кубінцаў на вуліцах, якія граюць у даміно, дыскутуюць у кампаніях і проста нічога не робяць. Як аказалася, сапраўды на Кубе большая частка насельніцтва не працуе. Усё, за кошт чаго жывуць кубінцы, - гэта тое, што яны крадуць і прадаюць.






Напрыклад, з-за таго, што на Кубе нельга забіваць кароў, ялавічыну ў звычайных крамах проста не знайсці. Затое на чорным рынку можна купіць нават яе – прыкладна за 10 канвертуемых песа за кілаграм. Усё там – скрадзенае ў дзяржавы.


Таму, калі людзі і шукаюць працу, то тую, дзе можна штосьці скрасці. А крадуць і прадаюць на Кубе ўсё – нават адказы на экзаменацыйныя пытанні ва ўніверсітэтах. Калі няма грошай, за паслугі расплачваюцца ежай.

Вядома ж, чорны рынак хоць і чорны, але пра яго ведаюць усе. І дзяржава заплюшчвае на гэта вочы. А афіцыйныя беспрацоўныя там называюцца “даступнымі для працаўладкавання”.
Пра дармовую сацыяльную падтрымку ў такім эканамічным хаосе казаць не даводзіцца. У спецыяльных крамах можна купіць таннае і якаснае малако для дзяцей да 3-х год. Дзецям да сямі год – малако ўжо горшай якасці.

Выспа Свабоды нагадала мне вялікі хаос, нібы з фільму пра краіну пасля Апакаліпсісу. І жыццё ў ёй будзе цягнуцца да таго часу, пакуль у краіне будзе што красці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі