Чатырох студэнтаў у Мінску затрымалі за гандаль спайсамі
Уначы на 16 сакавіка ў цэнтры Мінска праваахоўнікі затрымалі чатырох маладых людзей, якія займаліся продажам аптовых партый наркотыкаў. Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, спецаперацыю зладзілі супрацоўнікі наркакантролю МУС, ГУУС Мінгарвыканкама, Партызанскага РУУС сталіцы пры падтрымцы байцоў атрада хуткага рэагавання. Затрыманне адбывалася ў арандаванай двухузроўневай кватэры, дзе юнакі зладзілі сабе своеасаблівы "штаб".
Хлопцы арганізавалі інтэрнэт-пляцоўку для продажу сінтэтычных наркотыкаў і спайсаў дылерам ніжэйшага звяна, а тыя, у сваю чаргу, прадавалі тавар спажыўцам. Інтэрнэт-гандляры выкарыстоўвалі веды ў сферы абароны інфармацыі. Усе чацвёра — студэнты 18-20 гадоў. Дарэчы, тры з іх навучаліся інфарматыцы ў вядучай тэхнічнай ВНУ Беларусі.
Дарэчы, для кантактаў з кліентамі яны выкарыстоўвалі інтэрнэт і спецыяльную шыфраваную праграму. Але аператыўнікі здолелі выявіць месцы закладак і выкрыць тых, каму яны прызначаліся.
Усіх чатырох падазраюць у незаконным абарачэнні наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў. Самі хлопцы наркаманамі ніколі не былі.
Следчыя высвятляюць усе эпізоды злачыннай дзейнасці падазраваных, а таксама іх магчымых саўдзельнікаў. Ёсць падставы меркаваць, што "куратар" юнакоў знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Пакуль што эксперты пацвердзілі, што больш за 200 г канфіскаванага рэчыва з'яўляецца сінтэтычным наркотыкам. Гэтай колькасці хапіла б больш як на тысячу доз. Астатняе канфіскаванае рэчыва яшчэ вывучаюць эксперты.