Чэхія адкрывае межы пасля каранціну
Урад Чэхіі адмяніў жорсткі каранцін, уведзены супраць распаўсюду каранавіруса. Грамадзянам дазволілі збірацца групамі больш за два чалавекі, свабодна перамяшчацца па краіне, а таксама выязджаць за яе межы. Пра гэта, як перадае Prague Morning, заявіў міністр аховы здароўя Адам Войтэх.
Пасля вяртання з-за мяжы давядзецца паказаць медыцынскую даведку, якая пацвярджае адмоўны тэст на каранавірус, або адбыць двухтыднёвы хатні каранцін. Тэст павінен быць зроблены не раней чым за чатыры дні да прад'яўлення даведкі.
Паведамляецца таксама, што з 27 красавіка у Чхіі адновіцца навучанне ў ВНУ, змогуць адчыніцца фітнес-цэнтры, бібліятэкі ды невялікія крамы.
Межы Чэхіі былі закрытыя 16 сакавіка. А неўзабаве пасля таго ўрад абмежаваў перамяшчэннія ўнутры краіны. З дому можна было выходзіць толькі для паездкі на працу ці паходу ў краму ці аптэку.
Першы выпадак COVID-19 быў зафіксаваны ў Чэхіі 1 сакавіка — на тры дні пазней, чым у Беларусі. 12 сакавіка ўрад Чэхіі ўвёў надзвычайнае становішча і абвясціў каранцін на ўсёй тэрыторыі краіны. На той момант там было выяўлена 96 заражаных каранавіруснай інфекцыяй (у Беларусі — 21).
Інакш кажучы, хвароба ў Беларусі распаўсюджвалася павольней, і ў нашых уладаў было нашмат больш часу, каб рэагаваць. 27 сакавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 94 — гэта амаль як у той дзень, калі ў Чэхіі ўвялі каранцін. У той дзень Аляксандр Лукашэнка назваў каранавірус псіхозам, пацвердзіў свой намер праводзіць парад на 9 Траўня і заявіў, што сітуацыя спецыяльна нагнятаецца, каб апазіцыя змагла выкарыстаць яе супраць улады. Каранцін у той дзень у Беларусі ўведзены не быў — і не ўведзены дагэтуль.
На 23 красавіка ў Чэхіі пацверджана 7 136 выпадкаў COVID-19 — на 886 менш, чым у Беларусі (8022 выпадкі).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.