Чэхія следам за Германіяй абвінаваціла расійскіх дзяржхакераў у кібератаках

Віт Ракушан

Віт Ракушан / CTK Photo/Michal Krumphanzl/Global Look Press

Чэхія следам за Германіяй заявіла пра кібератакі з боку хакераў, звязаных з расійскімі дзяржструктурамі, перадае Бі-Бі-Сі.

Мяркуючы з тэхнікі кібератак, да іх маюць дачыненне хакеры з групоўкі APT28, больш вядомай ужо некалькі гадоў як Fancy Bear. Мяркуецца, што гэтую групу фінансуе расійская вайсковая разведка (ГРУ), заяўляе МЗС Чэхіі.

У заяве ведамства сцвярджаецца, што з 2023 года некаторыя чэшскія ўстановы зазналі кібератакі з выкарыстаннем раней не вядомага ўразлівага месца ў Microsoft Outlook.

Раней пра такія кібератакі з боку Fancy Bear заявіў урад Германіі. Паводле міністра замежных спраў Аналены Бербак, былі атакаваныя сервер і пошта кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Міністр унутраных спраў Чэхіі Віт Ракушан у пятніцу на прэс-канферэнцыі паведаміў, што сістэмы інфраструктуры Чэхіі апошнім часам зазналі дзясяткі кібератак. "Гэтыя атакі былі арганізаваныя Расійскай Федэрацыяй і яе вайсковай разведкай, ГРУ", — абвінаваціў ён.

Яго словы пацвердзіла нямецкая калега Нэнсі Фезер і дадала, што ў Германіі такія атакі расійскіх дзяржхакераў пачаліся ў 2022 годзе.

Каментуючы гэта, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль заявіў, што Еўрасаюз адкажа на такія дзеянні Расіі ўсімі даступнымі сродкамі: "Гэтая зламысная кіберкампанія паказвае, што Расія працягвае безадказна паводзіць сябе ў кіберпрасторы, атакуючы дэмакратычныя інстытуты, урадавыя ўстановы і кампаніі крытычна важнай інфраструктуры ў Еўрасаюзе і за яго межамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі