Чэмпіянат свету па хакеі: у дзвюх гасцініцах з шасці месцаў ужо няма

Да сусветных спаборніцтваў па хакеі ў Мінску абяцаюць 14 новых гатэляў. Яшчэ год таму абяцаных было 24.

“Мы плануем, што да 2014 года ва эксплуатацыю будуць уведзеныя 14 аб’ектаў”, — коратка гавораць ва ўпраўленні бытавога і гасцінічнага абслугоўвання Мінгарвыканкама.

Як прыгадвае Еўрарадыё, два гады таму новых гасцініц мусіла быць 24.

“Мінгарвыканкам прыняў праграму мадэрнізацыі і рэканструкцыі ўжо дзеючых гасцініц — гэта каля 20 аб'ектаў. Будуецца 24 новыя гасцініцы, у тым ліку і з удзелам замежных інвестараў”, — абяцаў два гады таму начальнік упраўлення інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Ахраменка ў эфіры СТБ.

Куды падзеліся 10 новых гасцініц за два гады, у Нацыянальным агенцтве па турызме не ведаюць, але падлічваюць, што месцаў пакуль хапае.

“У нас гасцінічны фонд плануюць давесці да 9600. Зразумела, што частка месцаў пойдзе на каманды, на журналістаў. Але на сёння месцаў хапае”, — тлумачаць Еўрарадыё ў агенцтве.

Спрабуем забраніраваць сабе месца на чэмпіянат.

“Вы ведаеце, няма ўжо месцаў”, — адказваюць у чатырохзоркавай гасцініцы “Вікторыя”.

Усе месцы занятыя і ў трохзоркавым “Спадарожніку”. Прычым “даўно”.

У “Арбіце” і “Звяздзе” на даты чэмпіянату забраніраваць пакой ці койка-месца нельга. Раяць звяртацца пасля Новага года. Месцы знаходзім толькі ў пяцізоркавай “Еўропе”, дзе за ноч трэба аддаць 245 еўра.

“Засталіся месцы, але мала. Стандартных засталося 11 месцаў. Таксама ёсць чатыры дэлюксы”, — адказваюць у гасцініцы.

У спісе новых 14 гасцініц да чэмпіянату на сайце Мінгарвыканкама — гасцінічны комплекс “Пекін”. Правяраем, як ідзе будоўля і ці паспеюць да спартовай падзеі.

Пасля абеду ў пятніцу тут ідзе праца. У будынку ўжо ёсць шыбы, але на фасадзе пакуль застаюцца рыштаванні. Рабочыя працуюць унутры будынка, праз вокны бачна, што аддзелкі знутры яшчэ няма.

Яшчэ адна вялікая будоўля да чэмпіянату — гатэль “Кэмпінскі” каля цырку. Але ў спісе гатэляў да чэмпіянату на сайце Мінгарвыканкама яго няма. У будучым гатэлі яшчэ няма вокнаў, рабочыя працуюць у асноўным звонку. Хаця дах на абодвух збудаваннях гатэля ўжо ёсць.

Калі паспрабаваць забраніраваць нумар у гасцініцы на чэмпіянат праз booking.com — выдае 9 варыянтаў размяшчэння. З іх два гатэлі, астатняе — кватэры. Самы танны варыянт — 28 мільёнаў на ўвесь час чэмпіянату свету па хакеі. Чэмпіянат пройдзе ў Мінску з 9 па 25 траўня 2014 году.

Будоўля на "Кемпінскі"

"Кемпінскі"

Гасцінічны комплекс "Пекін"

"Пекін"

Фота 1: bp.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі