Чапелін заняў 15-е месца ў гонцы пераследу ў Ханты-Мансійску
Мужчынская гонка пераследу на 12,5 кіламетра прайшла 21 сакавіка ў рамках 9-га этапа Кубка свету па біятлоне.
Беларус Уладзімір Чапелін заняў 15-е месца ў гонцы пераследу на этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у расійскім Ханты-Мансійску. Мужчынская гонка прайшла сёння, 21 сакавіка.
Спартсмен сышоў на дыстанцыю 24-м і на фінішы палепшыў сваю пазіцыю на 9 пунктаў. Чапелін дапусціў 3 промахі. Іншы беларус, Юрый Лядаў на 46-м месцы, Дзмітрый Абашаў на 52-м сярод 56 удзельнікаў.
Медалі дасталіся канадцу Натану Сміту, немцу Бенедыкту Долю і расіяніну Антону Шыпуліну.
А француз Мартэн Фуркад яшчэ да завяршэння спаборніцтваў стаў уладальнікам Вялікага Крышталёвага глобуса — гэты трафей ён атрымлівае ў чацвёрты раз.
Жаночая гонка пераследу пройдзе таксама сёння, яе пачатак у 16.00. Беларуска Дар’я Домрачава, якая прэтэндуе на Вялікі Крышталёвы глобус, стартуе 3-й, а яе саперніца, фінка Кайса Макярайнен сыдзе на дыстанцыю 1-й.