Чорны чацвер для СМІ: як нашы калегі перажылі гэты дзень
Як мы пражылі гэты дзень / Itar-TASS
Раніца для журналістаў і іх чытачоў пачалася з перабояў працы сайта выдання "Наша Ніва". За гэтым рушыла ўслед чарада ператрусаў, допытаў і затрыманняў.
Сілавікі прыходзілі не толькі да журналістаў, якія жывуць і працуюць у Мінску. Абшуквалі і рэдакцыі регіянальных СМІ.
Расказваем, як нашы калегі пражылі гэты дзень.
Мінск
Трое супрацоўнікаў "Нашай Нівы" — галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар выдання Вольга Раковіч — былі затрыманыя на 72 гадзіны і дастаўленыя ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрыманы быў таксама галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" і рэдактар дзіцячых беларускамоўных часопісаў Андрэй Дынько.
Яны праходзяць падазраванымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У гэтым артыкуле ідзе гаворка пра дзеянні, якія "груба парушаюць грамадскі парадак".
Брэсцкая вобласць
Ператрусы прайшлі ў шэрагу рэгіянальных выданняў у Брэсцкай вобласці. Сярод іх — рэдакцыя выдання Media-Polesye.by. Падрабязнасці і прычыны ператрусу пакуль невядомыя. Баранавіцкае выданне Intex-Press паведаміла, што сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю "Брестской газеты". Праз 15 хвілін у сацсетках баранавіцкіх журналістаў ужо з'явілася публікацыя пра тое, што ў іх таксама праходзіць ператрус.
Віцебская вобласць
У Віцебскай вобласці таксама не было спакойна. У самім абласным цэнтры прайшоў ператрус у кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча. Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы аб паклепе на супрацоўніка міліцыі. Забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сістэмныя блокі, два фотаапараты і маленькі бел-чырвона-белы сцяжок.
А журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач з'ехаў з сілавікамі на ператрус проста з санаторыя "Пліса", у якім адпачываў. Абшукалі і дом маці віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава. Самога журналіста не знайшлі, але канфіскавалі ў жанчыны тэлефон.
Магілёўская вобласць
Ператрус таксама прайшоў у журналісткі Алесі Лацінскай, якая супрацоўнічае з бабруйскім выданнем bobr.by. Пасля ператрусу дзяўчыну павезлі на размову ў КДБ. Пасля размовы яе адпусцілі, узяўшы падпіску аб неразгалошванні. Журналістка не гаворыць, ці ёсць у яе які-небудзь працэсуальны статус, піша БАЖ.
Не толькі журналісты
Гэты чацвер быў складаным не толькі для прадстаўнікоў медыясферы. У Брэсце затрымалі актывістку Аляксандру Гаўрусік. Яе даставілі ў ІЧУ.
Сёння была затрыманая таксама студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Багданава. Раней дзяўчына звярталася з відэазваротам, у якім асудзіла гвалт. Яна таксама паўдзельнічала ў флэшмобе "На што ты здольны дзеля мары" — пастрыглася нагала ў знак салідарнасці са студэнтамі-палітвязнямі.
Быў затрыманы экс-кіраўнік АГП Васіль Палякоў. Ён праходзіць падазраваным па крымінальным артыкуле, звязаным з тэрарызмам. Пра гэта ён паведаміў сваёй жонцы, калі атрымаў магчымасць патэлефанаваць. Палітыка адправілі ў ІЧУ.
Мы спадзяёмся, што гэта ўсе дрэнныя навіны на сёння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.