Чубрык: І МВФ складана з намі, і нам складана з МВФ

Чубрык: І МВФ складана з намі, і нам складана з МВФ

Новая праграма МВФ разлічаная на тое, каб Беларусь перайшла да ўстойлівага эканамічнага росту, які грунтуецца на прынцыпах рынкавай эканомікі. Прычым, на першым месцы ў дакументах фонда — рэформа сектара дзяржаўных прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца галоўнай структурнай праблемай. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказаў дырэктар даследчага цэнтра ІПМ, эканаміст Аляксандр Чубрык. Паводле яго слоў, у перамовах Беларусі і МВФ гаворка ідзе не пра стандартны стэнд-бай крэдыт, калі падтрымліваецца макраэканамічная стабілізацыя. Гэта крэдыт, у якім пытанняў больш, чым адказаў.

“Ні ў Сусветнага банка, ні ў МВФ, ні ў Еўрапейскага банка, ні ва ўладаў няма цяпер канкрэтных адказаў на тое, як рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы”, — кажа эканаміст.

Што ж вывучае місія МВФ у Беларусі, чаму патрабуе рэфармаваць ЖКГ і пенсійную сістэму, і як дзяржпрадпрыемствы пагражаюць эканоміцы — у поўнай размове з Аляксандрам Чубрыкам.

Галоўныя цытаты з размовы:

 

Новая праграма МВФ, калі звярнуць увагу на іх фармулёўкі, разлічаная на тое, каб Беларусь перайшла да ўстойлівага эканамічнага росту, які грунтуецца на прынцыпах рынкавай эканомікі. Праграма Еўразійскага фонду мае падобныя фармулёўкі, яна таксама накіраваная на тое, каб аднавіўся эканамічны рост, але ён ужо мусіць грунтавацца на макраэканамічнай стабілізацыі.

Калі МВФ будзе лічыць, што высілкі беларускіх уладаў ідуць у правільным накірунку, яны будуць рады падтрымаць гэта ўсё грашыма.

Курс плавае, Нацбанк інтэрвенцыі не робіць. Нацбанк сёння не ў стане сказаць: “Ну, так, мы згодныя з МВФ, што рубель пераацэнены на 10%, давайце правядзем дэвальвацыю”. Няма цяпер такой патрэбы.

Прагназаваць курс рубля — даволі няўдзячная задача. Проста таму, што цяпер гэты курс плавае.

Заявы МВФ пра тое, што рубель пераацэнены на 10%, з аднаго боку, могуць азначаць, што нам патрэбнае дадатковае абясцэньванне рубля, а з іншага — што нам трэба істотна зменшыць інфляцыю. І тое, і тое азначае, што ў рэальным выражэнні мы абясцэнім нацыянальную валюту.

Галоўная структурная праблема — дзяржаўныя прадпрыемствы, таму што яны фактычна стварылі праблемы для банкаўскага сектару, яны стварылі доўгатэрміновыя і сярэднетэрміновыя праблемы для бюджэту і яны ствараюць пагрозу для рынку працу. Таму ў МВФ рэформа сектара дзяржаўных прадпрыемстваў стаіць на першым месцы.

І МВФ складана з намі, і нам складана з МВФ. Ні ў Сусветнага банка, ні ў МВФ, ні ў Еўрапейскага банка, ні ва ўладаў няма цяпер канкрэтных адказаў на тое, як рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі