“Чую — граюць джаз! Проста не паверыў, што ў нас гэта магчыма!”
8 чэрвеня ля мінскай Ратушы прайшла першая “джазавая субота”. Блізу 3 тысяч чалавек да ніткі прамоклі пад залевай, але даслухалі канцэрт да канца!
Першы канцэрт “Джазавыя суботы ля Ратушы” прайшоў у Мінску 8 чэрвеня. Верхні горад ператварыўся ў канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам. І, нягледзячы на залеву, што пачалася адначасова з канцэртам, пазнаёміцца з джазавымі зоркамі назбіралася шмат ахвочых — нават вулачкі ля плошчы былі цалкам запоўненыя гледачамі!
“У мяне абсалютнае адчуванне еўрапейскага гораду, — кажа адзін з гледачоў. — Я нічога не ведаў пра гэты праект, проста ішоў міма. Чую — граюць джаз! Проста не паверыў, што ў нас гэта магчыма!”
Апошнім часам мінскія музыкі ўсё часцей выходзіць за сцены канцэртных зал. Пачалося ўсё з вулічных канцэртаў на Карла Маркса. Горад адразу ажывіўся! Падхапіць ідэю вырашыў Нацыянальны тэатр оперы і балета, салісты якога распачалі сезон з канцэрта на прыступках тэатра!
Вывесці на вуліцы аматараў джаза узялася і кіраўніца праекту “Джазавы мост” Інга Бухвалава. Першая “джазавая субота” распачалася тандэмам гурта Apple Tea ды чыкагскай спявачкі Шэнды Рул (Chanda Rule), якая ўжо выступала ў Мінску два гады таму. Фішка вулічнага мерапрыемства ў тым, каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей. І з гэтым у праекта ўсё атрымалася, лічыць Шэнда:
“Я адыграла вельмі шмат канцэртаў на адкрытым паветры, але каб пад такім моцным дажджом — гэта ўпершыню! Мне падаецца, быў пакладзены выдатны старт гэтаму фестывалю, і я ўпэўненая — яму наканаваны поспех! Бо, гледзячы па вашай публіцы, народ не разыходзіцца, і нават дождж іх не палохае! Людзі толькі станавіліся бліжэй адзін да аднаго і было бачна па іх тварах, што яны задаволеныя!”
Apple Tea і Шэнда Рул
Публіка сапраўды сабралася адметная: вясёлая і шчырая! Прыкрываючыся парасонамі, людзі танчылі, удзячна пляскалі ў ладкі і зусім не думалі разыходзіцца! Еўрарадыё заўважае ў натоўпе траіх маладых людзей, якія танчаць пад дажджом, і накіроўваецца да іх:
“Мы любім джаз, цудоўная музыка! З дажджом, канечне, арганізатары прагадалі, але ў цэлым — усё цудоўна! Вось мы прамоклі дашчэнту, але губляць ужо няма чаго. Мы вельмі задаволеныя тым, што цяпер адбываецца ў “вулічным” жыцці Мінска, пачынаючы з адкрыцця пешаходнай вуліцы на К.Маркса ў мінулым годзе. Гэта быў такі крок наперад, а джазавыя канцэрты — яго працяг, што не можа не радаваць! Думаю, што нас цяпер ужо нішто не напалохае, прыедзем і ў наступную суботу!”
Харкаўскі гурт Pur:Pur нечакана для сябе становіцца альтэрнатыўным хэдлайнерам фестывалю. Вакалістка гурта Ната Смірына смяецца, што для Pur:Pur мінскія канцэрты апынуліся выключна мокрымі: упершыню гурт выступіў у Беларусі два гады таму падчас фестывалю “Бархатный сезон”. Тады замест чаканага “аксамітнага вераснёвага сонца” музыкі трапілі ў халодны восеньскі дзень з невялікай колькасцю фанатаў пад сцэнай. Гэтым разам Нату доўга не адпускаюць прыхільнікі.
Pur:Pur
“Новыя прыхільнікі, — смяецца Ната. — Насамрэч, мы вас віншуем! Выдатны фестываль, а якія дзіўныя людзі! У нас бы ўсе разышліся пад такім дажджом, і ніхто б так не стаяў з парасонамі. Гэта ж як трэба любіць музыку! Гэта вельмі радасна. Таму я думаю, што ваш першы джазавы оупэн-эйр — стоадсоткавая перамога! Спадзяемся, што ў Мінск мы цяпер будзем прыязджаць пару разоў на год!”
Ёсць перадумовы лічыць, што Мінск неўзабаве стане сапраўднай еўрапейская сталіцай, дзе вулічная музыка — неад’емная частка горада. Прынамсі, так лічыць наведвальнік фестывалю Дзіма:
“Я лічу, што гэта вельмі здорава! І, па вялікім рахунку, надвор’е не перашкодзіла агульнаму джазаваму настрою. Наадварот, мне здаецца, гэта вельмі гарманічна! Вельмі парадавала, што няма гэтых нязручных турнікетаў і чэргаў, таму вельмі здорава, калі гэты фестываль атрымае працяг! Думаю, ён будзе карыстацца папулярнасцю. Засталося толькі не выганяць музыкаў з пераходаў, каб яны там трэніраваліся!”
Exultet Trio
У наступную суботу фестываль працягне амерыканскі трубач Эдзі Хэндэрсан (Eddie Henderson), які ўзяў свой першы ўрок у самога Луі Армстранга, немцы Three Fall ды беларускі біг-бэнд "Liptnitsky Show Orchestra".