"Чую ўпершыню". Што кажуць чыноўнікі пра прымус студэнтаў да галасавання

Што кажуць чыноўнікі пра прымус студэнтаў да галасавання / @rubanau_collage
Студэнтаў зноў прымушаюць ісці галасаваць, пажадана датэрмінова. Ім пагражаюць незасяленнем у інтэрнат, няздачай экзамену ці нават адлічэннем.
Так было раней, так адбываецца і цяпер. Еўрарадыё атрымала некалькі сігналаў ад студэнтаў ВНУ, што ім, "каб пазбегнуць праблем", настойліва рэкамендуюць "выканаць свой грамадзянскі абавязак". Потым універсітэты рапартуюць пра "актыўны ўдзел у галасаванні" на сайтах і ў сацсетках.
А што будзе, калі не пайсці на выбары? Еўрарадыё абтэлефанавала чыноўнікаў і пад выглядам занепакоенага студэнта задала ім гэтыя пытанні.
“Мусіце ўсё ж аддаць свой голас”
Тэлефануем у камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Там кажуць, што яны не курыруюць пытанняў ВНУ, але ўсё роўна параілі зрабіць "выбар".
— У нас ва ўніверсітэце загадчык кафедры сабрала ўсю нашу групу і настойліва прасіла прыйсці на выбары. Нават намякала на нейкія санкцыі. Што ў мяне не атрымліваецца. Скажыце, мне і праўда могуць нешта зрабіць, калі я не прагаласую?
— Вы тэлефануеце ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб паскардзіцца на вашага загадчыка кафедры? Які вы хочаце адказ ад мяне пачуць?
— Што мне рабіць і як быць. Я непакоюся за сябе.
— Гэта ваша жаданне: удзельнічаць ці не.
— І нічога дрэннага мне не зробяць?
— Малады чалавек, гэта ваша жаданне. Усяго добрага, да пабачэння.
Дзіўна, што супрацоўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі так непаважліва рэагуе на тое, што мы сігналізуем пра парушэнне Выбарчага кодэкса.
І словы чыноўнікаў зноў супярэчаць рэальнасці: студэнтаў "настойліва просяць" галасаваць, а адказныя ўстановы — як тры знакамітыя малпачкі: "Нічога не бачу, нічога не чую, нічога не скажу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.